ААН: Паўночная Карэя не згортвала ядзерную праграму
Паўночная Карэя не спыніла ядзерную і ракетную праграмы, пра што заяўляла раней. Да такой высновы прыйшлі эксперты ААН, якія падрыхтвалі даклад для Савета Бяспекі арганізацыі.
Сёлета ў красавіку Пхеньян паведаміў, што замарожвае ядзерныя выпрабаванні і запускі балістычных ракетаў, а таксама хоча зачыніць палігон пунгеры, дзе з 2006 года адбываліся ядзерныя выпрабаванні.
Аднак эксперты ААН выявілі, што маштабы нелегальнай перакачкі паліўнай нафты з замежных суднай істотна выраслі. Мяркуецца, што караблі КНДР перакачваюць нафту ў адкрытым моры з іншых караблёў. Апроч таго, Паўночная Карэя спрабуе гандляваць зброяй з іншымі краінамі.
Даклад быў пададзены ў Саўбез ААН у пятніцу. Паўночная Карэя пакуль ніяк на яго не адрэагавала. Пакуль гэтая краіна знаходзіцца пад міжнароднымі і амерыканскімі санкцыямі ў сувязі з распрацоўкай ядзернай зброі.
У чэрвені старшыня КНДР Кім Чэн Ын сустракаўся ў Сінгапуры з амерыканскім прэзідэнтам Дональдам Трампам. Бакі прыйшлі да пагаднення, што ядзерную праграму ў КНДР трэба згортваць, але дэталі гэтага працэсу не распрацавалі, паведамляе ВВС.