АБСЕ зноў заклікае Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне
Беларускія ўлады атрымалі чарговы зварот з прапановай увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Гэткім чынам кіраўнік бюро АБСЕ па правах чалавека (БДІПЧ) Міхаэль Георг Лінк адрэагаваў на паведамленні, што ў Беларусі выкананы смяротны прысуд у дачыненні да Сяргея Іванова. Акрамя таго, Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прысуд у дачыненні да Сяргея Хмялеўскага.
"Я вельмі занепакоены паведамленнямі аб яшчэ адным пакаранні ў Беларусі, (пакаранні) Сяргея Іванова, і пацвярджэннем Вярхоўным судом смяротнага прысуду ў дачыненні да Сяргея Хмялеўскага", — цытуе tut.by заяву Лінка.
На яго думку, смяротная кара Сяргея Іванова супярэчыць дыскусіям, якія вядуцца ў Беларусі, і міжнароднай тэндэнцыі да адмены пакарання, якое з'яўляецца непрымальным адмаўленнем чалавечай годнасці.
Як паведамлялася раней, 6 траўня стала вядома, што выкананы смяротны прысуд у дачыненні да 22-гадовага жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова. Яго прызналі вінаватым у забойстве, учыненым у жніўні 2013 года: хлопец згвалтаваў і па-зверску забіў 19-гадовую дзяўчыну.
У Беларусі ў 2015 годзе смяротныя прысуды выносіліся, але не прыводзіліся ў выкананне. Сёлета беларускія суды вынеслі ўжо два смяротныя прысуды. 5 студзеня 2016 года Генадзя Якавіцкага прызналі вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю. 15 лютага жыхара Мінскага раёна Сяргея Хмялеўскага прызналі вінаватым у забойстве трох чалавек.