Аб'яднанне сілавікоў: агент ГУБАЗіКа атрымаў заданне ліквідаваць Латушку
Агент беларускіх сілавікоў у Польшчы збірае інфармацыю пра ўдзельнікаў пратэсту і атрымаў заданне фізічнай ліквідацыі Паўла Латушкі. Пра гэта сцвярджаецца ў новым расследаванні, якое выпусціла аб'яднанне былых беларускіх сілавікоў "Гісторыя правалу агента Лукашэнкі".
Па словах аўтараў, гаворка ідзе пра Вячаслава Быстрова (псеўданім "Слава Воўк"), які выдае сябе за пацярпелага ад рэжыму Лукашэнкі. У расследаванні гаворыцца, што ён спрабуе ўвайсці ў давер да беларускай дыяспары ў Варшаве.
Аўтары расследавання кажуць, што Быстроў быў шэсць разоў судзімы за крадзяжы і рабаванні. У зняволенні ён пайшоў на платную супрацу з супрацоўнікамі аператыўнага аддзела СІЗА №1 у Мінску, так званай "Валадаркі".
У СІЗА Быстроў, нібыта, "распрацоўваў" зняволеных, заахвочваючы іх пісаць яўку з павіннай. За гэта ён неаднаразова атрымліваў прэміі. Таксама экс-сілавікі заяўляюць, што Быстроў супрацоўнічае з 3-м упраўленнем ГУБАЗіК МУС па супрацьдзеянні экстрэмізму.
У Польшчу ён выехаў на пачатку снежня 2021 года па працоўнай візе. Экс-сілавікі заяўляюць, што ён атрымаў заданне фізічна ліквідаваць кіраўнікоў іх аб'яднання і Паўла Латушку.
Цяпер, нібыта, ім займаюцца польскія спецслужбы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.