Ад Расіі ўжо атрымалі ракеты і бомбы — Лукашэнка пра тактычную ядзерную зброю

"Гэта пад мільён чалавек загіне адразу", — спакойна кажа Лукашэнка Скабеевай / БЕЛТА
"Гэта пад мільён чалавек загіне адразу", — спакойна кажа Лукашэнка Скабеевай / БЕЛТА

13 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка зноў выказаўся на тэму расійскай тактычнай ядзернай зброі. На гэты раз — у інтэрв'ю прапагандысцы Вользе Скабеевай, якая прыехала з РФ. Яна адразу ж у яго спытала, як ён рашыўся на размяшчэнне ядзернай зброі: "Вы ж будзеце як цэль?!" "Цяпер я яшчэ большая цэль", — адказвае ёй Лукашэнка.

"Супраць ядзернай краіны, краіны, якая валодае ядзернай зброяй, яшчэ ніхто не ваяваў... — гаварыў ён далей. — Мы ракеты і бомбы атрымалі ад Расіі. Бомба ў тры разы больш магутная, чым [была скінутая з 1945-м] у Хірасіме і Нагасакі... Гэта пад мільён чалавек загіне адразу".

Скабеева ўдакладніла наконт таго, ці ўсё ўжо атрымала Беларусь? "Ну... не ўсё", — збянтэжана адказаў Аляксандр Лукашэнка (відаць, зноў паспяшаўся з заявай?). Яму не спадабалася пытанне пра тое, хто можа аддаць каманду на выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі. Лукашэнка сказаў, што няма праблемы ўзгадніць "нанясенне нейкага там удару" з Масквой. І, такім чынам, пацвердзіў, што кантроль застаецца за Расіяй.

Пра тое, што ў Беларусі плануецца размясціць расійскую тактычную ядзерную зброю, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў 25 сакавіка. Паводле яго слоў, будаўніцтва спецсховішча меркавалі скончыць да 1 ліпеня 2023 года. Нядаўна ён расказаў пра тое, што ядзерную зброю прывязуць у РБ адразу ж пасля завяршэння падрыхтоўкі адпаведных збудаванняў для яе — 7-8 ліпеня 2023-га. Аляксандр Лукашэнка яшчэ 25 траўня сказаў, што на той час пачалося перамяшчэнне ў Беларусь ядзерных боепрыпасаў. Цяпер ён працягвае гэта паўтараць. І падкрэслівае, што размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі — гэта яго просьба і настойлівае патрабаванне. Ён спадзяецца з яе дапамогай захаваць сваю ўладу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі