Пачалося перамяшчэнне ў Беларусь ядзерных боепрыпасаў — Лукашэнка
Лукашэнка прызнае, што "дыверсанты" могуць патрапіць у краіну незаўважна / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Аляксандр Лукашэнка, адказваючы ў Маскве на пытанне расійскага журналіста, паразважаў пра дыверсантаў і расійскую тактычную ядзерную зброю, якую плануецца размясціць у Беларусі.
"Калі дыверсантам трэба патрапіць на нашу, на вашу тэрыторыю, сёння шмат магчымасцяў зрабіць гэта незаўважна... Не выкарыстоўваючы "зялёную мяжу"..., — гаварыў Лукашэнка. — Дыверсанты патрапляюць па іншых сцежках. Таму наконт замка [на мяжы] не турбуйцеся. Вы ведаеце, што мы людзі пунктуальныя, акуратныя, гаспадарчыя, як вы кажаце, таму вы за ядзерную зброю не хвалюйцеся, мы ж нясем за гэта адказнасць".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што расійская ядзерная зброя ў Беларусі будзе "ў поўнай бяспецы", але прызнае, што "дыверсанты" могуць патрапіць у краіну незаўважна. Якраз у чацвер ФСБ паведаміла пра дыверсантаў, якія трапілі ў Расію праз Беларусь.
25 траўня ў Мінску міністр абароны РБ Віктар Хрэнін і міністр абароны РФ Сяргей Шайгу падпісалі дакументы пра размяшчэнне ў нашай краіне тактычнай ядзернай зброі. Падкрэсліваецца, што ёй будзе кіраваць выключна Расія. У Маскве Лукашэнка сказаў, што ўжо "пачалося перамяшчэнне ядзерных боепрыпасаў".
Пра тое, што ў Беларусі плануецца размясціць расійскую тактычную ядзерную зброю, 25 сакавіка заявіў Уладзімір Пуцін. Паводле яго слоў, будаўніцтва спецсховішча меркавалі скончыць да 1 ліпеня 2023 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.