Аляксандр Мілінкевіч: Захад і Расія могуць дамовіцца і замяніць Лукашэнку

Аляксандр Мілінкевіч: Захад і Расія могуць дамовіцца і замяніць Лукашэнку

Яшчэ напярэдадні выбараў-2020 Аляксандр Мілінкевіч папярэджваў: Расіі заўсёды было выгадна сварыць Беларусь з Захадам.

Ёй гэта прасцей, чым напружвацца і ў час выбараў рабіць стаўку на прарасійскага кандыдата. Маўляў, чым больш Захад носіцца з ідэяй дэмакратызацыі Беларусі, тым больш рашуча Лукашэнка паварочваецца на Усход і вымушаны шчыльна інтэгравацца з Расіяй.

Мы пагаварылі з палітыкам, кандыдатам у прэзідэнты ад аб'яднанай апазіцыі ў 2006 годзе пра “руку Масквы” і імаверныя наступствы новых санкцый супраць Беларусі.
 

У Крамля комба — дасягнутыя тры мэты з трох 

Еўрарадыё: Цяпер адносіны Беларусі з Захадам — самыя горшыя за многія гады. Ці бачыце вы за гэтым Маскву?

Аляксандр Мілінкевіч: У асяроддзі дэмакратаў лічыцца маветонам гаварыць пра руку Масквы. Кажуць – фу, гэта канспіралогія, што паходзіць ад нашых комплексаў. Для мяне гэта балюча, і я ніколі не пагаджуся з такім пунктам гледжання. Крэмль, вядома, не ўсё вырашае ў Беларусі. Але Масква мае велізарны інтарэс, рэсурсы і досвед.

Аляксандр Мілінкевіч: Захад і Расія могуць дамовіцца і замяніць Лукашэнку
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін / kremlin.ru

Пагроза незалежнасці нашай краіны сёння — вельмі сур’ёзная, як ніколі. І самалёт [Ryanair. — Еўрарадыё] да гэтага спрычыніўся таксама. Пасля таго як Украіна назаўсёды выйшла з кандыдатаў на далучэнне ў “рускі мір”, Расіі нічога не застаецца акрамя таго, каб працаваць на тое, каб накінуць сетку гэтай канцэпцыі на Беларусь. Яна зрабілася вырашальнай краінай для таго, каб Пуцін мог пахваліцца і падправіць свой рэйтынг, дэманструючы поспех працэсу вяртання блудных дзяцей пад уладаранне Масквы.

У гэтым сэнсе Беларусь выклікае ў Крамля асаблівы імпэт.

Пачынаючы з 2001 года ў Масквы на нашых прэзідэнцкіх выбарах заўсёды было некалькі задач. Сярод іх тры асноўныя. Адна — пасварыць Беларусь з Захадам. Другая — падзяліць дэмапазіцыю. А трэцяя мэта — аслабіць Лукашэнку, каб ён хутчэй і глыбей інтэграваўся. І, у залежнасці ад абставінаў, у Крамлі заўсёды маюць некалькі сцэнароў для рэалізацыі гэтых мэт.

У выніку апошніх выбараў сталася так, што ўсе тры мэты аказаліся амаль дасягнутыя. Стасункі з Захадам абсалютна сапсаваныя. Апазіцыя хоць і не знішчаная, але не будзе зараз выходзіць масава на вуліцу. Кошт гэтых выхадаў надзвычай вялікі, і не трэба на гэтым этапе заклікаць на Плошчу. А Лукашэнка аслаблены, як ніколі. 

Ён максімальна ізаляваны. Яму нічога не застаецца, акрамя як прасіць у Крамля падтрымкі. І маральнай, і фінансавай.

Еўрарадыё: Але ж шчыльную інтэграцыю з Расіяй у выніку сваркі з Захадам прадказваюць не адзін год. Але дагэтуль не атрымалася. Чаму?

Аляксандр Мілінкевіч: Для нас, для дэмакратаў, шанц уплываць на дзяржаўную палітыку Лукашэнкі вельмі невялікі. Мы павінны думаць пра тое, што ад нас залежыць. І тое, што паўстала прыгожая грамадзянскя супольнасць такой магутнасці, такой кансалідацыі, такой веры ў сябе, гэта вялікае дасягненне, наш вялізарны поспех у змаганні за незалежнасць. Наша грамадзянская супольнасць нават стала галоўным суб'ектам беларускай палітыкі. Мы сёння маем сапраўды шчырую і магутную падтрымку дэмакратычнага свету.

Лукашэнка не гарант незалежнасці, але інтэграцыя, якая забярэ ў яго ўладу, яму не патрэбная. Але ён працягвае гуляць на нотках, якія прыемна чуць у Маскве. Гэтая рыторыка заўсёды спрацоўвала, дапамагала атрымліваць датацыі, крэдыты, прадаваць нашыя тавары не заўсёды сучаснага ўзроўню ў Расію.

Але сёння ў Крамлі ўсё больш наступае расчараванне. Пуцін хоча замест рыторыкі канкрэтыкі — прызнання Крыма, Паўднёвай Асетыі і Абхазіі, пабудовы вайсковай базы ў РБ. Размовы пра інтэграцыю больш не заспакойваюць, Масква, праўдападобна, настроена на перамены. Не ў Расіі — у Беларусі.

Аляксандр Мілінкевіч: Захад і Расія могуць дамовіцца і замяніць Лукашэнку
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ў Сочы / kremlin,ru

Расія можа прапанаваць Захаду: “Давайце яго заменім”

Еўрарадыё: Як змянілася сітуацыя пасля таго, што здарылася з бортам Ryanair?

Аляксандр Мілінкевіч: Я не выключаю, што Расія дапамагала ці нават была падказчыкам гэтай аперацыі. А цяпер Масква можа паспрабаваць скарыстацца з вынікаў і паспрабаваць дамовіцца з Захадам дзеля паляпшэння адносінаў з ім.

Для Бруселя і Вашынгтона Лукашэнка ўжо не проста “дрэнны хлопец”, а нерукапаціскальны чалавек. Зручны момант, і Крэмль можа выказаць “калектыўнаму Захаду” новую апінію: мы таксама стаміліся ад яго, з ім немагчыма супрацоўнічаць, ён некіраваны, для бяспекі рэгіёна яго варта замяніць. І я не выключаю, што Захад можа сказаць — згодныя. Вы там больш інструментаў уплыву маеце, давайце паспрабуем для светлай будучыні.

А калі Масква пачне працэдуру замены Лукашэнкі, яна, безумоўна, будзе тое рабіць праз кіраваны транзіт і, магчыма, з дапамогай новай Канстытуцыі ставіць чалавека, які яе будзе задавальняць. Ён, напэўна, і палітвязняў выпусціць, ліберальныя эканамічныя рэформы правядзе. На адкрытую анексію не той час. Гэта не значыць, што такі чалавек адразу груба прадасць Беларусь Расіі. Але тое будзе, канешне, масквацэнтрычны чалавек. Для Крамля галоўнае, каб ён не пайшоў ні ў НАТА, ні ў Еўрасаюз.

І абмеркаванне пытанняў супольных інтарэсаў, несумненна, будзе на найбліжэйшай сустрэчы Байдэна і Пуціна ў Нямеччыне, дзе гаспадару Крамля надзвычай важна прадэманстраваць, што пакрыўджаная Расія можа быць карыснай для Захаду ў вырашэнні надакучлівых гучных праблем, што ў цэнтры ўвагі сусветных медыя.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, новыя санкцыі выгадныя Маскве. Але што іншае мог зрабіць Захад, каб сітуацыя павярнулася на карысць Беларусі, а не трэцяй дзяржаве?

Аляксандр Мілінкевіч: Захад уводзіць санкцыі, каб пакараць тое, што ён лічыць злом, і ўмацаваць бяспеку ў рэгіёне. А ў Крамлі ў гэты момант адкаркоўваюць шампанскае.

Унутраная і замежная палітыка РБ усё больш вядзе да дэстабілізацыі. І цывілізаваны свет ацаніў гэтую гісторыю з самалётам як акт дзяржаўнага тэрарызму. У Еўропе хапае праблем, а тут Беларусь можа стаць чарговым моцным пунктам біфуркацыі.

У нас не павінна быць ілюзій: у дэмакратычным свеце палітыкі, дэпутаты ўсіх узроўняў перш за ўсё думаюць пра свае краіны, пра тое, каб задаволіць інтарэсы сваіх людзей. Тых, хто іх абірае. Дэмакратыя ў Беларусі — не галоўная мэта іх дзейнасці. 

Яны слушна лічаць, што беларусы самі мусяць адстаяць сваё права жыць у свабодзе. Тым не менш Захад паслядоўна спрыяе станаўленню дэмакратыі ў былых рэспубліках СССР, бо толькі яна забяспечвае стабільнасць, прадказальнасць, магчымасць супрацы і інтэграцыі.

У іх не так шмат інструментаў, каб паўплываць на паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека і законнасці ў нашай краіне. Найчасцей санкцыі — гэта, па сутнасці, маральнае асуджэнне: вы нерукапаціскальныя, мы не хочам вас бачыць у нас у гасцях, таму не атрымаеце віз.
 

Еўрарадыё: А што з эканамічнымі санкцыямі?

Аляксандр Мілінкевіч: Я адношуся да тых людей, якія лічаць: персанальныя санкцыі трэба выкарыстоўваць як мага шырэй. Наконт эканамічных санкцый трэба дзесяць разоў падумаць.

Нам падаецца: вось Лукашэнка кепскі, а Захад наш партнёр. Таму хай ён пакарае Лукашэнку за тое, што ягоныя паводзіны няправільныя. Але досвед паказвае, што нават поўная ізаляцыя не прыводзіць да дэмакратызацыі рэжыму. Тыповыя прыклады — Паўночная Карэя і Куба. І ў Карэі траву ядуць ад голаду. А рэжым трывае, яму хапае заўсёды.

А ў нашым выпадку ёсць яшчэ дадатковая небяспека. Мы думаем, што санкцыі памогуць змяніць дыктатуру на дэмакратыю. Але калі кажам: “Давайце санкцыі!” — трэба думаць, ці не павялічваем мы гэтым і без таго немалыя магчымасцмі агрэсіўнай Масквы? Павялічваем. Усё больш экспертаў адчуваюць: змагаючыся за дэмакратыю ў Беларусі, можна ўвогуле згубіць краіну. А мы не маем права забыць пра незалежнасць. 

Нам трэба памятаць пра ўсходняга суседа, які праз манію велічы і комплексы непаўнавартасці сніць адраджэнне сваёй імперыі.

Аляксандр Мілінкевіч: Захад і Расія могуць дамовіцца і замяніць Лукашэнку
Часопіс The Economist апублікаваў фото Уладзіміра Пуціна на вокладцы / Shutterstock

Калі я нешта ацэньваю ў замежнай палітыцы, я заўсёды пытаюся ў сябе: ці выгадна гэта Маскве, якая ў нас рэлізуе палітыку паўзучай анексіі? Я задаю сабе гэтае пытанне, калі выбіраю: супрацьстаяць ці падтрымліваць нешта. Незалежнасць можна страціць за адну ноч. І калі яна вернецца, невядома. А дэмакратыя ўсё роўна — рана ці позна — будзе, бо гэта закон прыроды.

Я кажу прыкрыя для некаторых словы. Не сумнявайцеся, я люблю дэмакратыю і свабоду, але мы павінны быць паспяховымі стратэгічна, а не тактычна.
 

"Пора вернуть эту землю себе"

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, хутчэй за ўсё, прынясе карысць Расіі, падштурхнуўшы да яе Беларусь. Пуцін скарыстаецца гэтым як клінам, які можна ўбіць у адносіны Беларусі і Захаду. Так лічыць дырэктар кансалтынгавай кампаніі Eurasia Group Эмрэ Пекер. Кампанія займаецца прагнозамі палітычных рызык у Еўропе.

Тое самае іншымі словамі кажа Мэцью Шэрвуд, старшы еўрапейскі аналітык Economist Intelligence Unit: “Мы не чакаем, што новая хваля заходніх санкцый акажа рэальны ўплыў на ўнутраную сітуацыю, яны, магчыма, яшчэ больше наблізяць Беларусь да Расіі”.

Еўрапейскія эксперты ніколі не баяліся лічыцца канспіролагамі і ўсюды шукалі руку Масквы. І магчыма, яны маюць рацыю. Бо, пакуль Крэмль выбірае стрыманыя фармулёўкі для каментароў пра пасадку борта Афіны — Вільня ў Мінску, супрацоўнік расійскага тэлеканала RT Антон Красоўскі не цырымоніцца і цытуе Барыса Грабеншчыкова: “Пора вернуть эту землю себе”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі