Чаму забараніць "Белавія" лётаць у Еўропу — дрэнная ідэя
Выкажу непапулярную думку, але забараніць "Белавія" лётаць у Еўропу — дрэнная ідэя. Так, гэта рашучы крок, які дэманструе сур'ёзнасць намераў еўрапейскіх палітыкаў. Так, гэта прывядзе беларускага авіяперавозчыка да фінансавых стратаў. Але.
Таксама гэта зашкодзіць грамадзянам Беларусі вандраваць, бачыць свет. А ці не таго, каб беларусы як мага больш сядзелі дома і пра жыццё ў іншых краінах дазнаваліся з тэлевізара, дамагаюцца беларускія ўлады? Глядзіце:
- у Беларусі і так ужо ўведзеныя абмежаванні на выезд, звязаныя з COVID-19;
- за выезд з Беларусі на аўтамабілі ў некалькіх абласцях ужо трэба плаціць;
- цягнікі ні ў Вільню, ні ў Варшаву, ні ў Кіеў цяпер не ходзяць.
У гэтай сітуацыі забараніць "Белавія" лётаць у Еўропу значыць адрэзаць грамадзянаў Беларусі ад Захаду і пакінуць ім толькі Усход, куды і самалёты працягнуць лётаць, і цягнікі працыгнуць хадзіць. Ну і Турцыю з Егіптам, куды можна будзе працягваць лётаць праз Расію.
Адэкватным адказам на тое, што адбылося з бортам Ryanair Афіны — Вільня і затрыманне Рамана Пратасевіча падаецца адмова еўрапейскіх авіякампаній ад таго, каб выконваць рэйсы праз тэрыторыю Беларусі. Але не забарона беларусам вандраваць.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.