Анкету ў польскае консульства можна запоўніць толькі праз інтэрнэт

Заявы на шэнгенскія візы, напісаныя ад рукі, больш не прымаюць, а на запаўненне электроннай анкеты даецца 30 хвілін ― новыя правілы падачы дакументаў пачалі дзейнічаць у консульстве Польшчы ў Мінску.
Польскае консульства ў Беларусі больш не будзе прымаць анкеты, запоўненыя ад рукі. З 24 траўня для таго, каб атрымаць візу, давядзецца знайсці інтэрнэт, затым зарэгістравацца на адмысловым сайце, цягам 30 хвілін запоўніць электронную анкету, а потым раздрукаваць яе на каляровым прынтары. Таксама вы самі абіраеце дату, калі прыйдзеце падаваць дакументы.

У польскім консульстве адзначылі, што электронную візавую анкету мусяць прыносіць усе без выключэння. У тым ліку і тыя, хто з камп’ютарам на "Вы".

Супрацоўніца консульства: "Я думаю, што, напрыклад, у пенсіянераў ёсць унукі, знаёмыя і гэтак далей, якія ім могуць дапамагчы запоўніць анкету".

Літоўскае консульства пакуль не ўводзіла такія правілы, але можа гэта зрабіць ужо неўзабаве.

Віцэ-консул Літоўскага консульства: "Калі ў нас будзе электронная сістэма — праз два тыдні ці месяц, не магу сказаць. Пажадана, каб прыносілі запоўненыя электронныя анкеты. Але калі ад рукі прынясуць, дык мы прымаем".

Прадстаўніцтва Латвіі таксама спадзяецца на хуткае ўвядзенне электронных анкет.

Консульства Латвіі: "Спадзяемся, што будзе. Але пакуль нам можна прынесці запоўненую на камп’ютары альбо проста ад рукі".

Тым часам з увядзеннем новага Візавага кодэкса Еўрасаюза змяніўся выгляд анкеты на атрыманне шэнгенскай візы. Цяпер на ёй, сярод іншага, маецца наступны тэкст: "Я ведаю і згодны з тым, што пазначана далей: для таго, каб мая заява на выдачу візы была разгледжаная, абавязкова трэба пазначыць звесткі, запатрабаваныя ў гэтай форме заявы, а таксама сфатаграфавацца, а пры патрэбе – даць адбіткі пальцаў".



Частка візавай анкеты на атрыманне шэненскай візы ў літоўскім консульстве.

Гэтыя звесткі будуць захоўвацца ў Візавай інфармацыйнай сістэме на працягу пяці гадоў.

Праўда, пакуль далёка не ўсе консульствы шэнгенскіх краін маюць абсталяванне для дактыласкапіі, распавёў Еўрарадыё консул Чэхіі ў Беларусі Ян Едлічка:

"Што тычыцца біяметрычных дадзеных, то пакуль у нас, напрыклад, няма тэхнічных магчымасцяў браць адбіткі пальцаў. І гэта тычыцца шмат якіх замежных консульстваў у Беларусі. Толькі ў консульстве Францыі, наколькі ведаю, ёсць".

Чакаецца, што браць адбіткі пальцаў у беларусаў еўрапейскія консульствы пачнуць не раней за 2011 год.

Фота: interfax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі