АНТ замазаў БЧБ-сцяг на майцы лідара “Дай Дарогу!” Юрыя Стыльскага
У тэлеверсіі канцэрта “Рок за Баброў” канал АНТ замазаў БЧБ-сцяг на майцы лідара панк-рок-гурта “Дай Дарогу!” Юрыя Стыльскага. На сцэну Стыльскі выйшаў у цішотцы з прынтам “Тактычная група "Беларусь"”. У той жа вопратцы ён адказваў на пытанні карэспандэнта АНТ — менавіта з гэтых кадраў і знік бела-чырвона-белы сцяг.
Калі Юрыя Стыльскага паказвалі з іншага ракурсу, і бела-чырвона-белы сцяг быў закрыты мікрафонам з лагатыпам АНТ, прынт не зацерлі. З чаго можна зрабіць выснову, што ўся справа менавіта ў гістарычным беларускім сцягу.
“Мы не будзем гэта каментаваць, бо няма чаго каментаваць”, — адказалі Еўрарадыё ў прэс-службе канала АНТ.
Фэст прайшоў 4 жніўня на аэрадроме “Баравая” пад Мінскам. У эфіры АНТ яго паказалі 26 жніўня. Сэт “Дай Дарогу!” прыпаў на першую частку канцэрта — было спякотна, і паміж песнямі Стыльскі зняў правакацыйную майку.
“Ведаю, што гэта за майка, заўсёды ў ёй хаджу. Але толькі ад вас даведаўся пра гэтую сітуацыю. Падчас размовы [з карэспандэнтам АНТ. — Еўрарадыё] ніякіх пытанняў наконт майкі не было. Я разбірацца і звяртацца на канал не буду, мне пофігу, з імі ўсё зразумела”, — распавёў Еўрарадыё Юрый Стыльскі.
Тактычная група “Беларусь” — гэта група добраахвтонікаў, якія з 2014 года ваююць на паўднёвым усходзе Украіны на ўкраінскім баку. Прынт на майцы музыкі — адзін з самых вядомых іх здымкаў. На ім чалавек у камуфляжнай вопратцы ідзе па дарозе, трымаючы ў руках гістарычны сцяг Беларусі.
У Беларусі суполка “Тактычнай групы "Беларусь"” у сацсетцы “ВКонтакте” заблакаваная на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі.