Арэшкін: Еўропа адвярнулася ад Лукашэнкі, і яму давядзецца плаціць

Беларусь сёння зноў пачала атрымліваць расійскую нафту. На новых умовах — без выплаты экспартных пошлін. І па новай цане.  Без вызначанай прэміі ў $46 за тону, на чым настаяў расійскі бок, кошт расійскай нафты складаў бы каля $315 за тону, адзначае аналітык Банка Масквы Дзяніс Барысаў. Адпаведна, па новых кантрактах Мінск будзе плаціць за тону прыкладна $361.

Сёлета з Расіі плануецца атрымаць 21,7 млн тон, за якія давядзецца заплаціць не $ 6,83 млрд, а $7,83 млрд. То бок, кошт "нафтавага" пытання для Беларусі — $1 млрд.

Некаторыя эксперты лічаць, што Расія на гэтых перамовах абазначыла ў дачыненні да Беларусі жорсткую палітыку. Аргументы выстаўляліся сапраўды жорсткія: ад пагрозы прыпынення тэхналагічных працэсаў на беларускіх НПЗ да заявы "Транснафты" аб перенакірунку "беларускай нафты" ў марскія порты.

"Раней Лукашэнка мог маніпуляваць як Еўропай перад Расіяй, так і Расіяй перад Еўропай. Пасля выбараў 19 снежня гэта ўжо немагчыма, Еўропа адвярнулася ад беларускага лідэра, і цяпер яму даводзіцца плаціць за нафту", — адзначае вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута геаграфіі РАН Дзмітры Арэшкін.

Зрэшты, расійскі варыянт паставак застаецца найбольш ільготным. Напрыклад, венесуэльскую нафту Беларусь закупляе па сусветных коштах, сёння гэта каля $650 за тону, піша Газета.ру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі