Асуджанага журналіста Алега Груздзіловіча чакаюць яшчэ тры суды
Асуджанага на паўтара гады карэспандэнта "Радыё Свабода" Алега Груздзіловіча чакаюць яшчэ тры суды. Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Па інфармацыі БАЖу, "Мінсктранс" выставіў Груздзіловічу тры грамадзянскія пазовы — за спыненне транспарту падчас акцый летам і восенню 2020 года на агульную суму больш як 56 тысяч рублёў.
Паведамляецца, што месяц таму ў камеру да журналіста прыходзіў афіцэр, які патрабаваў, каб той падпісаў паперу, што першы суд адбудзецца 6 чэрвеня. Тады Алег паперу не падпісаў — ён хацеў, каб падчас судовага паседжання на ім прысутнічалі яго адвакат і жонка, бо сам 62-гадовы карэспандэнт знаходзіцца ў Магілёўскай калоніі.
Сёння сталі вядомыя даты судоў. Пазоў "Мінсктрансу" за шэсце па Партызанскім праспекце 18 кастрычніка 2020 года будуць разглядаць 15 ліпеня. Праз тыдзень, 22 ліпеня, чарговы працэс пройдзе ў судзе Маскоўскага раёну — за тое, што 16 жніўня на плошчы Незалежнасці Груздзіловіч у сіняй камізэльцы з надпісам "Прэса" і акрэдытацыяй МЗС Беларусі на грудзях працаваў з мікрафонам (у следчых ёсць такое фота). А 25 ліпеня ў Фрунзенскім судзе будзе разглядацца фота, дзе карэспандэнт 11 кастрычніка стаіць на праезнай частцы вуліцы Кальварыйскай (такі фотаздымак нібыта таксама ёсць).
Алега Груздзіловіча асудзілі 3 сакавіка 2022 году нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх (артыкул 342, ч.1 КК) летам і ўвосень 2020 года. У чэрвені рэпарцёр "Свабоды" 20 дзён правёў у ШІЗА. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.