Асуджаны ва Украіне беларус Зязюльчык уключаны ў спіс для абмену палоннымі

Максім Зязюльчык / https://www.facebook.com/SecurSerUkraine
Максім Зязюльчык / https://www.facebook.com/SecurSerUkraine

Асуджаны ва Украіне грамадзянін Беларусі Максім Зязюльчык уключаны ў спіс для абмену з Расіяй палоннымі, паведамляе Радыё Свабода. Раней СБУ заявіла, што найміт, які ваяваў на баку РФ, быў супрацоўнікам КДБ Беларусі.

Зязюльчыку 22 гады. Ён з'яўляецца ўраджэнцам Рудзенска. Сцвярджаў, што да вайны служыў у беларускім войску паводле кантракту. Ад камандзіра сваёй часці даведаўся пра расійскую ПВК "Рэдут" і вырашыў пайсці ў найміты. У ліпені 2022-га ён прыехаў у расійскі Тамбоў і завербаваўся на фронт. Пасля трохдзённага навучання беларуса адправілі ва Украіну. 19 верасня Максім Зязюльчык атрымаў раненне і быў узяты ў палон. У студзені 2023-га суд у Кіеве асудзіў яго на 10 гадоў зняволення.

У лютым СБУ паведаміла, што Зязюльчык насамрэч з КДБ. У снежні 2020 года яго залічылі ў склад 2-га антытэрарыстычнага аддзела КДБ на пасаду разведчыка, а пасля пачатку вайны ён атрымаў заданне займацца разведвальна-падрыўной дзейнасцю супраць Украіны. У адпаведнасці з "легендай" Максім Зязюльчык мусіў дзейнічаць пад выглядам замежнага найміта, а сабраную разведінфармацыю перадаваць у Мінск праз сувязнога. 

2 сакавіка ўкраінскі суд ухваліў рашэнне аб вызваленні Максіма Зязюльчыка ад адбыцця пакарання "ў сувязі з ухваленнем рашэння аб перадачы асобы для абмену як вайсковапалоннага". Магчыма, ёсць планы абмяняць яго на беларусаў, якія ваявалі за Украіну і летась трапілі ў расійскі палон.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі