Атакуюць восы? Даведаліся, чаму іх шмат, як уратавацца і чаму без іх нельга

Восы вельмі карысныя і проста так не нападаюць на людзей

Восы вельмі карысныя і проста так не нападаюць на людзей / istockphoto.com

Беларусы сталі заўважаць шмат вос. У сеціве з’яўляюцца здымкі, дзе восы дзясяткамі забіраюцца ў шклянкі з салодкімі напоямі, а людзі актыўна скардзяцца ў каментарах пад такімі допісамі. Быў і трагічны выпадак — у Віцебскай вобласці пенсіянерка загінула ад укусаў вос.

Атакуюць восы? Даведаліся, чаму іх шмат, як уратавацца і чаму без іх нельга
Восы, якія спрабавалі знайсці салодкую ежу / t.me/kokoby_mk

Еўрарадыё даведалася, ці сапраўды ў Беларусі стала больш восаў, што рабіць, як ад іх не пацярпець, і чаму знішчэнне восаў — гэта дрэнная ідэя.

 

Восы любяць цёплае надвор’е

Дакладных вымярэнняў, ці стала ў Беларусі больш вос, няма. Але ёсць сезонная прычына таго, што іх заўважаюць часцей. Таксама цяпер сапраўды спрыяльныя ўмовы для вос, кажа навуковец-хімік Сяргей Бесараб.

Прыкладна ў жніўні пачынаюць распадацца старыя гнёзды. Маладыя самкі выходзяць спарвацца, а потым пачынаюць шукаць сабе месца на зіму. Старым самкам і самцам, якія раней кармілі моладзь, ужо няма працы. І яны шукаюць простую, салодкую ежу побач з чалавекам. І знікнуць, калі тэмпература будзе, умоўна, меншая за 10 градусаў на працягу некалькіх тыдняў.

Атакуюць восы? Даведаліся, чаму іх шмат, як уратавацца і чаму без іх нельга
Калі пасля ўкусу адчуваеце сябе дрэнна — абавязкова звярніцеся па дапамогу / pexels.com

Калі вас пакусалі восы і ўкусаў многа, то варта звярнуцца па доктарскую дапамогу. Асабліва, калі ў вас пачаліся алергічныя рэакцыі. Заўсёды, ведаючы пра сваю адчувальнасць да ўкусаў насякомых, трэба трымаць поруч антыгістамінныя прэпараты ўзгодненыя з лекарам, ці нават “адрэналінавую ручку” ЕpiPen. Але лепш за ўсё пазбегнуць гэтага і не правакаваць насякомых.

Выкарыстоўвайце маскітныя сеткі. Калі вы на адкрытых верандах, не злуйце іх рэзкімі рухамі. Восы прыдуць, паядуць і адлятуць. Яны не маюць намеру нападаць на чалавека. Яны не любяць, калі чалавек спрабуе іх знішчыць, робіць рэзкія рухі, пачынае хвалявацца. Таму, калі восы з’яўляюцца, трэба ўспрымаць іх як дадзенасць і быць уважлівымі, — працягвае Сяргей Бесараб.

Атакуюць восы? Даведаліся, чаму іх шмат, як уратавацца і чаму без іх нельга
Восы ратуюць Мазыр і Лунінец! / vespabellicosus2008.narod.ru

З восамі трэба быць асцярожнымі не толькі таму, што яны могуць раззлавацца і стаць небяспечнымі, але і таму, што яны вельмі карысныя. Не варта занадта старацца іх знішчыць.

Калі восы знікнуць усе, то ў першую чаргу знікне інжыр. Апыленне гэтага дрэва цалкам залежыць ад вос. Таксама вельмі шмат шкоднікаў яны знішчаюць. Асабліва на той час, калі ім трэба гадаваць лічынак, яны цягаюць ім толькі бялковую ежу. Гэта і вусені, і матылі і мноства розных жукоў. Напэўна сёння не магчыма знайсці больш эфектыўнага спосаба біялагічнай барацьбы са шкоднікамі, чым восы. Дарэчы прыкладна да гадоў 1920-х, да пачатку актыўнага выкарыстання хімічных пестыцыдаў, менавіта восы былі першым прызнаным варыянтам барацьбы з многімі сельскагаспадарчымі шкоднікамі.

У якасці прыклада можна прывесці вусеня белага амерыканскага матыля. Гэта шкоднік, які перыядычна нападае на Мазыр, на Лунінец, псуе яблыні і розныя пладовыя дрэвы. Шэршні, а гэта самыя вялікія на нашых тэрыторыях восы, харчуюцца менавіта гэтымі вусенямі, фактычна адзіныя іх знішчаюць. То бок, калі б мы знішчылі вос, адразу было б значнае павелічэнне колькасці у тым ліку і гэтых шкоднікаў.

Суразмоўца адзначае, што гэта вельмі добра разумеюць ў Еўропе. Таму там, напрыклад, вялікія штрафы за знішчэнне шэршняў і некаторых іншых восаў.

У Еўрасаюзе дакладна прааналізавалі колькасць шкоднікаў, якіх знішчаюць восы. І разумеюць, што яны маюць вялікую экалагічную ролю. Гэта так званыя эўсацыяльныя насякомыя. У іх галоўнае мэта — сваё гняздо, у іх няма мэты нападаць на чалавека, а ў чалавека не павінна быць мэты іх знішчыць. Проста спакайней да іх ставіцца і быць уважлівым, — падводзіць рысу Сяргей Бесараб.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі