Беларусь страціла мільярды еўра, якія магла б атрымаць ад Еўракамісіі

Будынак Еўракамісіі / pixabay

Будынак Еўракамісіі / pixabay

Еўракамісія перанакіруе 135 мільёнаў еўра, якія прызначаліся на праекты з Расіяй і Беларуссю, на праекты з Украінай і Малдовай.

Гаворка ідзе пра праект "Інструмент суседства, развіцця і міжнароднага супрацоўніцтва – Глабальная Еўропа". Яго бюджэт быў зацверджаны яшчэ да вайны, у пачатку 2021 года.

 

Што такое “Глабальная Еўропа”?

Гэты інструмент Еўракамісія зацвердзіла ў пачатку 2021 года. Яго стварылі для развіцця адносін краін Еўрапейскага саюза з дзяржавамі, якія не ўваходзяць у ЕС. На рэалізацыю розных праграм выдзелілі 79,5 млрд еўра.

"Глабальная Еўропа" будзе падтрымліваць краіны, якія пераадольваюць доўгатэрміновыя праблемы развіцця, і будзе спрыяць дасягненню міжнародных абавязацельстваў і мэтаў, вызначаных Еўрапейскім саюзам", — гаварылася ў заяве Еўракамісіі.

 

Якім чынам пераразмяркуюць грошы?

"Рашэнне адмяніць першапачаткова запланаванае супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю ў рамках нашых праграм Interreg з'яўляецца вынікам пачварнай вайны Расіі супраць Украіны. Я рада, што сродкі, якія мы першапачаткова планавалі вылучыць на гэтае супрацоўніцтва, цяпер пойдуць на карысць сумесных праграм ЕС з Украінай і Малдовай", — сказала Камісар па пытаннях яднання і рэформ ЕС Эліза Ферэйра.

Гэтыя грошы могуць пайсці на медыцыну, адукацыйныя і даследчыя праекты, праекты па сацыяльнай інтэграцыі, а таксама ўмацаванне інстытуцыйнага патэнцыялу дзяржаўных органаў.

Пасля ўварвання Расіі ва Украіну, Еўракамісія прыпыніла супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю ў рамках гэтых праграм і пераразмеркавала частку прызначаных гэтым краінам сродкаў паміж Украінай і Малдовай. Сваім новым рашэннем ЕК пераразмеркавала астатнюю частку фінансавання, выдзеленую на сумесныя праграмы 2021-2027 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі