Беларусь сёння могуць адхіліць ад Алімпіяды ў Токіа
"Беларускае пытанне" будзе разглядацца 24 лютага на пасяджэнні выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта, піша "Прессбол". Пасяджэнне пройдзе ў фармаце відэаканферэнцыі.
Выканкам МАК будзе вырашаць, ці дапускаць беларускую зборную да ўдзелу ў Такійскай алімпіядзе пад дзяржаўным сцягам.
Раней МАК пачаў расследаванне супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі пасля абвінавачванняў у палітычнай дыскрымінацыі спартоўцаў. Больш за 100 спартоўцаў, якія выказаліся ў адкрытым лісце за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі, былі адхіленыя ад спаборніцтваў у Беларусі.
Лукашэнка адначасова з'яўляецца кіраўніком НАК.
У снежні выканкам МАК пастанавіў, што" цяперашняе кіраўніцтва НАК належным чынам не абараніла беларускіх спартоўцаў ад палітычнай дыскрымінацыі", а гэта супярэчыць Алімпійскай хартыі.
У выніку МАК забараніла выканкаму беларускага НАК (у тым ліку Лукашэнку і ягонаму старэйшаму сыну Віктару — першаму віцэ-прэзідэнту НАК) наведваць Алімпіяду ў Токіа і спыніла ўсю фінансавую падтрымку. У адказ Лукашэнка назваў МАК бандай і прыгразіў судом.
Калі на сённяшнім пасяджэнні выканкам МАК вырашыць, што ў Беларусі працягваецца дыскрымінацыя спартоўцаў па палітычных матывах, то Нацыянальны алімпійскі камітэт можа быць адхілены ад удзелу ў Алімпіядзе. У выніку беларускія спартоўцы будуць вымушаныя выступаць пад алімпійскім сцягам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.