Беларуская мытня пачала шукаць беспілотнікі ў міжнародных пасылках

Беспілотнік у Беларусі

Беспілотнік у Беларусі

Беларуская мытня пачала шукаць беспілотнікі ў міжнародных паштовых адпраўленнях. Таксама праверкі на наяўнасць дронаў чакаюць тавары, якія перасылаюцца фізічным асобам і ўвозяцца ў Беларусь з тэрыторыі краін ЕАЭС.

"Мытныя органы праводзяць кантроль на прадмет выяўлення ўкладанняў, якія маюць прыкметы ўтрымання грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэлей, іншых тавараў, у тым ліку рэчываў і матэрыялаў, за незаконнае перамяшчэнне якіх праз Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць", — гаворыцца ў прэс-рэлізе .

Падазроныя адпраўленні і тавары да іх дастаўкі або ўручэння фізічным асобам будуць перададзеныя ў месцы правядзення кантролю ў адпаведнасці з пунктам 2 Указа Аляксандра Лукашэнкі нумар 297 ад 25 верасня 2023 года. Гэта той самы ўказ "Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў", які забараняе фізічным асобам захоўваць і карыстацца дронамі на тэрыторыі Беларусі.

Сёння беларусы яшчэ могуць прадаць свае беспілотнікі. А Мінабароны і Беларускі Чырвоны крыж намякалі, што дроны ім вельмі спатрэбіліся б. Вось толькі дзе гарантыя, што квадракоптар, перададзены вайскоўцам ці БКК, праз некаторы час не апынецца ў руках расійскага салдата на вайне з Украінай?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі