Як збіваюць дроны, які метад самы эфектыўны і колькі каштуе? Досвед Украіны

Дрон

Дрон / @rubanau_collage

З ліпеня 2024 года расійскія дроны-камікадзэ тыпу "Шахед" рэгулярна залятаюць у Беларусь. Паводле звестак "Беларускага Гаюна", на 3 лютага ў небе краіны зафіксавалі больш за 495 такіх апаратаў. Беларускія Узброеныя сілы збівалі іх больш за дзесяць разоў, пры гэтым абломкі часам падалі на цывільныя аб'екты. Часцей за ўсё для знішчэння "Шахедаў" армія падымае ў неба знішчальнікі ВПС.

Еўрарадыё паразмаўляла з экспертам пра тое, як збіваюць дроны ва Украіне, які метад самы эфектыўны і колькі гэта можа каштаваць.

Што ёсць у Беларусі?

Маніторынгавыя групы і ВПС РБ не ўдакладняюць, якія менавіта сродкі СПА выкарыстоўваюцца для таго, каб збіць "Шахед", што пралятае над тэрыторыяй Беларусі.

Вядома пра некалькі выпадкаў, калі з беларускіх аэрадромаў падымаліся знішчальнікі падчас залёту дронаў. На ўзбраенні іх два віды: МіГ-29 і Су-30СМ.

Паводле ўкраінскага ваеннага эксперта Дзяніса Паповіча, гэта дарагі спосаб барацьбы з БПЛА.

Как сбивают дроны, какой метод самый эффективный и сколько стоит? Опыт Украины
Дзяніс Паповіч

"Гэта адзін з варыянтаў, які бачыцца не вельмі эканамічна выгадным. Але паколькі ўсё ж на тэрыторыю Беларусі залятае не так шмат "Шахедаў", як на тэрыторыю Украіны, то ён можа быць апраўданы", — пракаментаваў эксперт.

Колькі каштуе падняць знішчальнік?

Тое, у колькі абыходзіцца адно ўзняцце знішчальніка ў неба, абумоўленае некалькімі фактарамі.

Са слоў галоўрэда ўкраінскага Defence Express Алега Каткова, у кошт узлёту знішчальніка можа ўваходзіць:

кошт падрыхтоўкі і ўтрымання пілота;

кошт падрыхтоўкі і ўтрымання тэхнікаў;

кошт утрымання авіябазы;

кошт закупкі, абслугоўвання самалёта;

кошт паліва.

А таксама "яшчэ куча параметраў, падзеленых на тэрміны эксплуатацыі, нарматывы і іншае, з улікам інфляцыі, амартызацыі і г.д.".

Дзяніс Паповіч дадае, што ў падліках, "колькі каштуе збіць дрон", трэба ўлічваць і кошт шкоды, які могуць нанесці яго аскепкі.

Как сбивают дроны, какой метод самый эффективный и сколько стоит? Опыт Украины
Зенітная самаходная ўстаноўка "Гепард"

Можна збіць "Шахед" і з дапамогай савецкіх зенітных артылерыйскіх сістэм, як, напрыклад, ЗУ-23-2.

Яшчэ шырока выкарыстоўваецца сродак электроннай барацьбы, які дазваляе альбо збіць беспілотнік з курсу, альбо проста пасадзіць яго дзе-небудзь.

Што да авіяцыі, яна лічыцца надзейным, але вельмі неэканамічным спосабам, лічыць ваенны эксперт.

"Раней яна падымалася досыць часта, каб збіваць БПЛА. Але мы цудоўна разумеем, што кошт самога беспілотніка і кошт вылету самалёта і выкарыстання ракеты эканамічна несупастаўныя".

Дзяніс Паповіч кажа, што апошнім часам ва Украіне падымаюць верталёты, напрыклад Мі-8, узброены кулямётам.

А апошні варыянт — гэта зенітныя ракеты. ЗРК таксама лічацца вельмі неэканамічнымі, бо кошт такой ракеты ў разы большы за кошт беспілотніка, які яна збівае.

Как сбивают дроны, какой метод самый эффективный и сколько стоит? Опыт Украины
Пашкоджаны абломкамі шматпавярховік у Кіеве пасля начной атакі дронамі

Таксама ў распараджэнні Украіны могуць з'явіцца спецыяльныя антыдронавыя ракеты. Яны таннейшыя за стандартныя зенітныя ракеты ці іншыя сродкі для знішчэння аэрадынамічных цэляў.

Ёсць яшчэ варыянт — выкарыстанне праграмавальных боепрыпасаў. Іх таксама пастаўляюць з Германіі.

Такая зброя здольная адным выбухам знесці адразу некалькі апаратаў, калі яны ляцяць чародамі, як гэта часта бывае з "Шахедамі".

Колькі каштуе збіць беспілотнік?

Палічыць працу мабільных груп — няпростая задача.

"Яны выязджаюць па трывозе. Атрымліваюць нейкую даплату ў залежнасці ад таго, як яны вядуць баявыя дзеянні (у іх ёсць пэўны тарыф, то-бок гэта лічыцца выхадам у баявой абстаноўцы). І далей трэба лічыць, колькі паліва выдаткавалі, колькі яны трымалі абарону падчас трывогі, колькі боепрыпасаў выпусцілі і гэтак далей".

Пры гэтым важна ўлічваць, што "альфа і амега любой сістэмы СПА — гэта схаванасць і пастаяннае перасоўванне. І вылічыць, з якой сістэмы колькі снарадаў выпусцілі, вельмі складана".

Тое самае з боепрыпасамі. Адзін кошт боепрыпасу для ўстаноўкі ЗУ-23-2, іншы — для "Гепарда". 35 мм вырабляецца некаторымі кампаніямі, напрыклад "Рэйнмэтл". І наступнае пытанне: колькі боепрыпасаў наогул выдаткавалі ці колькі зенітна-ракетных установак вяло агонь.

"У Беларусі савецкія сістэмы, і вы падымаеце самалёты. У вас несупастаўная колькасць "Шахедаў". Яны ляцяць адзінкамі, можа, дзясяткамі. У нас яны ляцяць сотнямі і кожную ноч".

На якой адлегласці выяўляюцца беспілотнікі?

"Калі вы бачылі здымкі з Кіева, то заўважылі, што кадры нагадваюць дзеянні як падчас Другой сусветнай вайны. Магутныя пражэктары асвятляюць неба".

Калі "Шахед" ловіцца радыёлакацыйнай станцыяй, то ўсё залежыць ад таго, як далёка яна дзейнічае, з якой адлегласці яна здольная выявіць тую ці іншую цэль.

Дрон можна выявіць і візуальна, але тут могуць быць цяжкасці праз умовы надвор'я, калі ён ляціць нізка. Таксама няпроста, калі БПЛА ляціць паміж дамамі.

Как сбивают дроны, какой метод самый эффективный и сколько стоит? Опыт Украины
Дрон Shahed 136

Тым не менш на борце гэтых БПЛА знаходзяцца аптычныя прыборы, так званыя лінзы Люнеберга, якія адказваюць РЛС.

"Гэта вялікі апарат, ён адпавядае радыёлакацыйным дадзеным "Шахеда". Даводзіцца яго збіваць, бо з зямлі незразумела, сапраўдны гэта "Шахед" ці падманка. Такім чынам таксама траціцца боепрыпас".

У лістападзе з'явілася інфармацыя, што расіяне пачалі зараджаць "Шахеды" тэрмабарычнымі боегалоўкамі. Незадоўга да выбуху яны вылучаюць гаручы аэразоль, і падчас дэтанацыі гэтая сумесь згарае разам з кіслародам паветра, што прыводзіць да магутнай ударнай хвалі і смяротнага скачку  ціску. Так дрон выклікае больш разбуральныя выбухі.

На якую адлегласць могуць разлятацца аскепкі?

Падзенне абломкаў — распаўсюджаная праблема, бо яны могуць выклікаць пажары і іншыя разбурэнні.

"Гэта, вядома, не ідзе ні ў якае параўнанне з прамым трапляннем, але спраў вельмі шмат могуць нарабіць".

Радыус разлёту аскепкаў залежыць ад таго, як дрон падбілі, куды яму трапілі, ці разарвала яго ў паветры, якія часткі разляцеліся ці ён проста пачаў мякка планаваць на зямлю.

Дзяніс Паповіч удакладняе: "Тое, што мае Беларусь, на шчасце, нават не 5% таго, што ляціць на тэрыторыю Украіны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.