У Мінпрыроды патлумачылі, што не так з паветрам у беларускіх гарадах

У сакавіку ў Беларусі / БЕЛТА
У Мінпрыроды патлумачылі, што не так з паветрам у многіх беларускіх гарадах. У апошнія дні ў ім перавышаная норма пылу. Чыноўнікі наракаюць на адсутнасць істотных ападкаў у пачатку сакавіка.
"Сухое зацішнае надвор'е прывяло да павелічэння колькасці пылу (цвёрдых часціц) у паветры, — гаворыцца ў паведамленні Мінпрыроды. — Крыніцы паступлення пылу ў паветра носяць як натуральны, так і антрапагенны характар... Таксама немалую ролю ў фарміраванні ўзроўню забруджвання паветра ў гарадах рэспублікі адыгрывае перанос дымоў пажараў у прыродных экасістэмах".
Рассейванню пылу "перашкаджала наяўнасць тэмпературнай інверсіі". У выніку ў ніжніх пластах атмасферы назапасіліся "забруджвальныя рэчывы". "Для зніжэння антрапагеннай нагрузкі і рэгулявання выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра буйным прамысловым і аўтатранспартным прадпрыемствам у асобных гарадах накіраваны папярэджанні аб неспрыяльных метэаралагічных умовах, якія спрыяюць назапашванню забруджвальных рэчываў у прыземным пласце паветра", — паведамілі чыноўнікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.