Беларускі пірат: Пры гэтай уладзе нам нават нецікава рэгістраваць партыю
Прадстаўнік беларукіх піратаў Андрэй у эфіры Еўрарадыё расказаў, што не задавальняе піратаў Беларусі і чаму яны не такія актыўныя, як піраты ў Польшчы ці Латвіі
Еўрарадыё: Паводле азначэння ў інтэрнэце, мэтай пірацкай партыі з’яўляецца рэформа заканадаўства ў галіне інтэлектуальнай уласнасці патэнтаў і копірайтаў. Беларуская партыя піратаў – гэта палітычная партыя?
Андрэй: Мы - ініцыятыўная група па стварэнні палітычнай партыі, або кібер-супольнасць, якая займаецца прапагандай правядзення рэфармацыі права ў галіне інтэлектуальнай уласнасці і іншых аспектаў.
Еўрарадыё: Піраты баяцца крымінальнага пераследу?
Андрэй: Так, баяцца.
Еўрарадыё: Ці шмат піратаў у Беларусі? Ці дастатковая вас колькасць для таго, каб абурацца або выказваць сваё меркаванне на вялікую аўдыторыю?
Андрэй: Актывістаў – некалькі чалавек, гэта карыстальнікі інтэрнэту, якіх не задавальняюць дзве рэчы. Па-першае, гэта стан байнэту на дадзены момант, і па-другое, адсутнасць пірацкай партыі ў Беларусі.
Еўрарадыё: Можа проста няма такой праблемы, якая магла б сабраць людзей разам?
Андрэй: У беларускім заканадаўстве пакуль яшчэ няма адпаведных нормаў. У польскім Акце ўводзіцца крымінальная адказнасць за сцягванне файла, правы на які належаць іншым людзям. Атрымліваецца, што кожны, хто карыстаецца торэнтам ці глядзіць відэа ў сацыяльных сетках, трапляе пад крымінальную адказнасць. Таму там адразу была грамадзянская актыўнасць і ў Польшчы прыпынілі прыняцце Акта. А ў Латвіі адпаведны акт прынялі практычна патаемна.
Еўрарадыё: А што вас не задавальняе ў байнэце?
Андрэй: Беларускіх карыстальнікаў не задавальняюць суадносіны кошту і хуткасці інтэрнэту, суадносіны кошту інтэрнэту і ўзроўню жыцця. У параўнанні з іншымі краінамі інтэрнэт можа і не вельмі дарагі, але для нашых заробкаў, асабліва для студэнцкіх стыпендый, ён дарагі.
Еўрарадыё: Ці ёсць перспектывы ў вашай партыі ў Беларусі? Што вы плануеце рабіць?
Андрэй: Калі мы прыцягнем яшчэ хаця б некалькі актыўных чалавек, сярод якіх някепска было б знайсці вэб-дызайнера, каб ад блога перайсці да больш сур’ёзнага сайта – можа быць гэта стала б голасам пірацкага інтэрнацыянала ў Беларусі. Незразумела, як будзе развівацца палітычная сітуацыя ў Беларусі, ёсць меркаванне, што патрэбная канструктыўная апазіцыя. Канешне, калі спросціцца заканадаўства па рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, можа, тады мы паставім мэту зарэгістравацца. У тым выглядзе, у якім зараз улады хочуць бачыць палітычныя партыі, нам нават не цікава гэтым займацца. Мы будзем займацца ў сеціве агітацыяй, прапагандай, сацыяльнай рэкламай пірацкіх ідэй. Але ўсё адно мы ўвесь час закранаем палітычныя пытанні. З аўтарскіх правоў пачыналіся пірацкія рухі, але потым развіваліся ў бок адкрытасці дзяржавы, ад прадстаўнічай дэмакратыі да наўпроставай. Інтэрнэт сёння дазваляе грамадзяніну самастойна прымаць рашэнні, удзельнічаць у законатворчасці. І гэта адзін з ідэалаў пірацкага руху. Безумоўна, мы хацелі б быць адкрытай палітычнай партыяй.
Еўрарадыё: Чым вы займаецеся цяпер?
Андрэй: Цяпер здымаем шэраг ролікаў. Мы сустракаемся з піратамі іншых краінаў, усталёўваем асабістыя кантакты. Пірацкі рух крыху карнавальны, таму мы назапашваем цяльняшкі, павязкі, можа і папугая завядзем.