Беларускім вайскоўцам дазволілі страляць у людзей без папераджальнага стрэлу

Беларускі спецназ

Беларускі спецназ / t.me/vvmvdrb

Лукашэнка дазволіў вайскоўцам страляць у людзей не толькі без папярэджання голасам, але і без папераджальнага стрэлу ў паветра. Адпаведныя змены ў Статуце ўнутранай службы ён зацвердзіў сваім указам. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале

Згодна з новай фармулёўкай вайскоўцы могуць не рабіць нават папераджальны стрэл у выпадках, "калі прамаруджванне ў іх ужыванні стварае непасрэдную небяспеку для жыцця вайскоўца або іншых грамадзян альбо можа пацягнуць іншыя цяжкія наступствы".

Прычым зброя можа ўжывацца нават супраць тых, хто здзяйсняе адміністрацыйнае правапарушэнне.

Да таго ж, вайскоўцы не будуць несці адказнасць за прычыненую шкоду, калі фізічная сіла, спецсродкі або зброя ўжываліся ў адпаведнасці са статутамі. Раней у статуце гаварылася, што выкарыстанне зброі, а таксама баявой і спецтэхнікі з перавышэннем паўнамоцтваў "цягне адказнасць, вызначаную заканадаўчымі актамі".

Раней Лукашэнка дазволіў супрацоўнікам КДБ страляць у натоўпе.

У Беларусі самы вядомы выпадак забойства вайскоўцамі цывільнай асобы адбыўся 11 жніўня 2020 года. У той дзень у Брэсце вайскоўцы з баявой зброі смяротна паранілі Генадзя Шутава. На судзе забітага Шутава прызналі вінаватым і пасмяротна асудзілі, ягонаму прыяцелю Аляксандру Кардзюкову прысудзілі 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. А капітан сіл спецаперацый Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсень Галіцын былі прызнаныя пацярпелымі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі