Беларускія музыкі зноў заклікаюць дапамагчы адпачыць дзецям-інвалідам
28 траўня ў клубе Re: Public адбудзецца шосты дабрачынны канцэрт “Дапамажы дзецям разам з намі”, які традыцыйна збірае грошы для летняга адпачынку выхаванцаў Дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Навінках.
Сёлета ў музычным марафоне, які стартуе ў 19:00 і працягнецца да пятай гадзіны раніцы, возьмуць удзел гурты “Петля Пристрастия”, “Серебряная Свадьба”, “Кассиопея”, Botanic Project, “Разбiтае Сэрца Пацана”, the Silicon, а таксама ды-джэі Pogodina & Scarlett.
“Гэта канцэрт, які ўжо стаў традыцыйным, — распавядае арганізатар мерапрыемства і гітарыст гурта "Петля Пристрастия" Іван Селішчаў. — Можна казаць, што ён, хутчэй, накіраваны не на тое, каб кожны гурт прэзентаваў нешта новае ці неяк прарэкламаваў сябе, а каб сабраць разам клёвых беларускіх музыкаў, якія будуць выконваць свае лепшыя песні на радасць публікі і каб сабраць грошы для дзяцей”.
Першы фестываль "Дапамажы дзецям разам з намі" прайшоў у 2011 годзе яшчэ ў клубе "Рэактар". Тады музыкі сабралі 26 мільёнаў 700 тысяч беларускіх рублёў (каля 8 тысяч долараў), грошы былі выдаткаваныя на адпачынак дзяцей з інтэрнату ў прафілакторый "Спутнік".
Квіткі каштуюць 250-350 тысяч рублёў. Даведкі па тэлефоне +375 29 570 38 59