Белстат растлумачыў адсутнасць звестак па смяротнасці: "Не выйшлі і не выйшлі"

Медыкі ў Беларусі / Еўрарадыё
Медыкі ў Беларусі / Еўрарадыё

У пачатку красавіка Белстат павінен апублікаваць свежыя каэфіцыенты смяротнасці насельніцтва па абласцях Беларусі і горадзе Мінску. Пра гэта да 28 сакавіка можна было прачытаць у старой версіі календара, якая да гэтага часу даступная на сайце ведамства.

Белстат объяснил отсутствие данных по смертности: “Не вышли и не вышли”

Пасля 28 сакавіка запіс аб падрыхтоўцы публікацыі знік. А звесткі так і не былі апублікаваныя. Еўрарадыё вырашыла ўдакладніць у Белстаце, з чым гэта звязана.

Зрабіць гэта аказалася няпроста. Супрацоўнік, адказны за каляндар, на сесіі. Начальнік упраўлення — у адпачынку. У галоўным упраўленні проста не здымалі трубку. Прэс-сакратар адсутнічала на месцы.

— Ну, тут складана ўвогуле вам што-небудзь адказаць, таму што ў нас прэс-сакратар не займаецца зборнікамі. А што з календаром не так? — адказала нам намесніца прэс-сакратара, да якой мы ўсё-ткі датэлефанаваліся.

— Там было пазначана яшчэ некалькі дзён таму, што 1 красавіка вы збіраецеся выпусціць звесткі па смяротнасці.

— Вы, напэўна, старую версію глядзелі. Рэч у тым, што ў нас новы каляндар, наколькі я ведаю, інтэрактыўны. І вы там можаце глядзець. І старая версія, яна, відаць, вісела, як кажуць, не…

— Неабноўленая?

— Не тое каб неабноўленая, гэта проста памылка... у тэхналогіях.

— Добра, але ўсё роўна звесткі аб смяротнасці па абласцях і горадзе Мінску не выйшлі. Калі яны выйдуць?

— Калі выйдзе, у нас усё будзе апублікавана на сайце, гэта адзінае, што вам магу сказаць. І вам гэта ўсе адкажуць.

— А чаму не выйшлі?

— Не выйшлі і не выйшлі.

— Добры адказ, дзякуй вялікі.

— Ды няма за што. Проста першае — гэта апублікаванне на сайце. Пакуль у нас на сайце не будзе апублікавана, адпаведна, нідзе не будзе.

Белстат не публікуе інфармацыю пра смяротнасць з лета 2020 года. Гэта можа быць звязана з пазіцыяй беларускіх уладаў па COVID-19. Спярша яны ў прынцыпе не прызнавалі, што ад каранавіруса ідзе сур'ёзная пагроза. У Беларусі не спынялася эканоміка, а на нацыянальным узроўні не абвяшчаўся каранцін. Праліць святло на тое, якой колькасці жыццяў каштавала непрыняцце гэтых мер, маглі б звесткі па смяротнасці насельніцтва. Але іх няма.

 

Белстат объяснил отсутствие данных по смертности: “Не вышли и не вышли”
Статистика смертности / Научное мнение

Апошнія лічбы па смяротнасці ў Беларусі, якія апублікавала ААН, паказалі, што за красавік — чэрвень 2020 года памерла на 5605 чалавек больш, чым за аналагічны перыяд 2019 года. Прычым смяротнасць у траўні — чэрвені значна — і ў горшы бок — адрознівалася ад лічбаў за гэтыя месяцы як мінімум за пяць папярэдніх гадоў.

Еўрарадыё сталі даступныя асобныя звесткі па рэгіёнах Беларусі. Напрыклад, у Віцебскай вобласці за 2020 год памерла на 2455 чалавек больш, чым за 2019-ы. Смяротнасць вырасла на 14,2%. А ў Магілёве за студзень — лістапад 2020-га памерла 4375 чалавек — на 609 чалавек больш, чым за ўвесь 2019 год, калі памерла 3766 жыхароў горада на Дняпры. Гэта зусім нетыповая смяротнасць для Магілёва, дзе штогод памірае прыкладна аднолькавая колькасць людзей.

Дарэчы, інфармацыю пра смяротнасць можна знайсці ў статыстычным бюлетэні "Натуральны рух насельніцтва па Рэспубліцы Беларусь". Белстат публікуе яго штогод у пачатку красавіка. Так, зборнік за 2019 год выйшаў трэцяга красавіка, за 2018-ы — другога, за 2017-ы — трэцяга, за 2016-ы — чацвёртага, за 2015-ы — чацвёртага. Спадзяёмся, што і сёлета са зборнікам не адбудзецца ніякай надзвычайшчыны, і звесткі, якія цікавяць грамадства, будуць там апублікаваныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі