Беразінскі: Галоўны правал Румаса — чэмпіянат Беларусі па футболе

Сяргей Румас пераабраны старшынёй Беларускай федэрацыі футбола. На справаздачна-выбарчай канферэнцыі, якая прайшла 31 сакавіка ў мінскім Доме футбола, новаспечаны кіраўнік прадставіў глабальную праграму, якая распісаная да 2020 года. Паводле яе, Нацыянальная зборная Беларусі павінна істотна ўмацаваць пазіцыі ў рэйтынг-лісце ФІФА і ўвайсці ў лік пяцідзесяці лепшых каманд свету! Да таго ж, асаблівая ўвага федэрацыі цяпер будзе скіраваная на развіццё дзіцяча-юнацкага і масавага футбола, стварэнне развітай інфраструктуры, будаўніцтва футбольных манежаў у абласных цэнтрах, развіццё ўнутранага чэмпіянату, удасканальванне працы нацыянальных зборных, прапаганду беларускага футбола і росту цікавасці да яго з боку заўзятараў.


Дырэктар сайта by.tribuna.com і футбольны эксперт Максім Беразінскі кажа, што да праграмы пераабранага кіраўніка можна ставіцца скептычна: Румас рабіў шмат заяў і мінулыя 4 гады свайго праўлення, але не ўсе яны былі ўвасобленыя ў жыццё. Больш за тое, некаторыя футбольныя праблемы цягнуцца акурат з часу яго прыходу на высокі пост.


Сярод іх Беразінскі называе найперш заняпад Нацыянальнай зборнай, якая апынулася "ва ўтапічным становішчы не толькі па выніку, але і па цікавасці з боку беларусаў". Маўляў, гледачы не ідуць на матчы, нягледзячы на недарагія квіткі, у прэсе няма належнага асвятлення гульняў зборнай, а ў грамадскасці — ажыятажу вакол каманды. Развіццё чэмпіянату Беларусі Беразінскі называе ўвогуле адным з самых яскравых правалаў Румаса як кіраўніка Федэрацыі: першынство не дазваляе клубам зарабляць грошы, адсутнічаюць механізмы па атрыманні прыбытку з матчаў, што асабліва кепска адбіваецца на развіцці футбола асабліва ва ўмовах эканамічнага крызісу — некаторыя клубы апынуліся на мяжы банкруцтва.

Што змянілася ў беларускім футболе за часы Румаса


На думку Беразінскага, з прыходам Румаса, федэрацыя кіравалася ў ручным рэжыме, адсутнічала пэўная стратэгія яе працы, адпаведна з яе боку было шмат недапрацовак, якія выліваліся недзе ў камічныя эпік-фэйлы, а недзе ў сітуацыі, якія патрабавалі ўмяшальніцтва з боку кіраўніка дзяржавы.


Праўда, заўважае Максім і станоўчыя моманты, якія адбыліся падчас гаспадарання Румаса ў беларускім футболе:


"У чэмпіянату Беларусі з'явіўся генеральны спонсар, упарадкаваўся паказ яго па тэлебачанні. Цяпер, як мінімум, адзін матч з туру практычна заўсёды дэманструецца, плюс зніклі пытанні па трансляцыі матчаў зборных, якія пастаянна ўзнікалі дагэтуль. Будуюцца палі і тэхнічны цэнтр для зборнай".


Нагадаем, Сяргей Румас кіруе Беларускай федэрацыяй футбола з 2011 года. З 2012 ён таксама ўзначальвае “Беларускі банк рэканструкцыі і развіцця”.

Фота: by.tribuna.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі