Боб Дылан можа не атрымаць грошы Нобелеўскай прэміі
Амерыканскі музыка і паэт Боб Дылан не атрымае грашовую частку Нобелеўскай прэміі, калі да 10 чэрвеня не выступіць з Нобелеўскай лекцыяй. Пра гэтам паведамляюць замежныя СМІ. Грашовая ўзнагарода Нобелеўскай прэміі складае 8 мільёнаў шведскіх крон, або каля 870 тысяч долараў.
Дылан плануе на бліжэйшыя выходныя наведаць Швецыю з серыяй канцэртаў. Аднак ён дагэтуль не паведаміў Шведскай акадэміі, ці скарыстаецца ён гэтым прыездам для атрымання Нобелеўскай прэміі. Як паведамлялася раней, 75-гадовы Дылан вельмі спакойна паставіўся да свайго ўзнагароджання. Канцэрты ў яго былі запланаваныя яшчэ да навіны пра Нобелеўскую прэмію.
Згодна з правіламі, лаўрэат мусіць выступіць з Нобелеўскай лекцыяй на працягу шасці месяцаў з моманту цырымоніі ўзнагароджання (10 снежня). Прычым лекцыю не абавязкова праводзіць у самой Швецыі.
Дарэчы, адсутнасць лекцыі і неатрыманне грошай ніяк не паўплываюць на статус Нобелеўскага лаўрэата.