Брытанец хоча вярнуць сабе грошы, інвеставаныя ў электрастанцыю ў Беларусі
Сонечная электрастанцыя ў Чэрыкаўскім раёне / sb.by, ілюстрацыйнае фота
Грамадзянін Вялікабрытаніі Кіабад Тутанян Машад патрабуе, каб беларускія ўлады кампенсавалі яму грошы, якія ён інвеставаў у будаўніцтва сонечнай электрастанцыі на забруджаных тэрыторыях у Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Пра гэта піша Reform.by са спасылкай на Investment Arbitration Reporter. Ён заяўляе пра шматлікія парушэнні з беларускага боку, у тым ліку пра незаконную экспрапрыяцыю.
Ураду Беларусі прапанавалі пачаць мірныя перамовы і далі тры месяцы на абмеркаванне. У іншым разе бізнесовец пагражае звярнуцца ў арбітраж ICSID. Ён патрабуе кампенсацыю ў сотні мільёнаў долараў.
Гаворка ідзе пра будаўніцтва сонечнай электрастанцыі на выселеных тэрыторыях Чэрыкаўскага раёна Магілёўшчыны. Там ўсталявалі 388 090 фотаэлектрычных модуляў — гэта найбуйнейшая сонечная электрастанцыя ў Беларусі.
Інвестыцыйная дамова была падпісаная ў 2014 годзе, а будаўнічыя работы пачаліся ў верасні 2018-га. Генпадрадчыкам выступіла ЗАТ "Белзамежбуд", заказчыкам — ТАА "Солар Лэнд", а інвестыцыі ўклала ірландская кампанія "Камеліясайд Лімітэд", бенефіцыяра якой і быў Кіабад Тутанян Машад. Першым месяцам камерцыйнай эксплуатацыі электрастанцыі стаў люты 2022 года.
Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 372,51 млн беларускіх рублёў. Планавалася, што станцыя будзе выпрацоўваць штогод 137,79 мільёнаў кВт/гадз.
Праект хвалілі ў дзяржаўных медыях. Чыноўнікі прыводзілі яго ў прыклад паспяховага інвестпраекта на паўднёва-ўсходняй Магілёўшчыне, дзе інвестары атрымліваюць ільготы і прэферэнцыі пад гарантыі дзяржавы.
Аднак папрацаваць электрастанцыя здолела толькі некалькі месяцаў: ужо ў траўні 2022-га яе адключылі ад нацыянальнай энергасістэмы без папярэдняга паведамлення. Прычынай называліся меркаваныя праблемы з якасцю вырабленай электраэнергіі.
Інвестар кажа, што сутыкнуўся з праблемамі ад самага пачатку. Спярша, маўляў, дзяржава не зацвердзіла зямельныя правы (неабходныя для падлучэння электрастанцыі да нацыянальнай энергасістэмы) на ахоўныя лясныя і сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў Чэрыкаўскім і Крычаўскім раёнах. Інвестар кажа, што такім чынам ад замежнікаў патрабавалі пагадзіцца на больш нізкія каэфіцыенты для тарыфаў на электраэнергію, атрыманую з аднаўляльных крыніц (FIT). Павышаныя каэфіцыенты прадугледжвала тагачаснае заканадаўства. У выніку бакі прыйшлі да пагаднення, якое працягнула дату завяршэння праекта да красавіка 2022 года і скараціла FIT у абмен на прызнанне правоў "Солар Лэнд" на ахоўныя лясныя ўгоддзі.
У чэрвені 2022 года ўлады адклікалі рашэнне, якое заллічвала электрастанцыю ў спецыялізаваныя аб'екты энергетыкі. У снежні таго ж года пракуратура звярнулася ў Эканамічны суд Магілёўскай вобласці з пазовам аб прызнанні несапраўднымі правоў "Солар Лэнд" на адпаведныя аб'екты нерухомасці. У красавіку 2023-га той жа суд наклаў арышт на электрастанцыю ў якасці забеспячэння дадатковага пазову пракурора. Пракуратура дамаглася вяртання сродкаў, за якія "Магілёўэнерга" купляла электраэнергію ў "Солар Лэнд". Сёлета ў траўні суд абавязаў прыватную кампанію вярнуць каля 15,8 млн беларускіх рублёў.
Пры гэтым, скардзіцца інвестар, у чэрвені 2022 года ў Беларусі змянілася заканадаўства: памер FIT істотна скараціўся, і дзяржава цяпер не абавязаная купляць усю энергію, вырабленую праектамі па аднаўляльных крыніцах энергіі.
Электрастанцыя застаецца адключанай ад электрасеткі. "Солар Лэнд" не мае да яе доступу, таму яна не можа працаваць.
Кітайскія партнёры кампаніі "Солар Лэнд" патрабуюць ад яе вярнуць 131,4 млн долараў за абсталяванне для распрацоўкі сонечнай электрастанцыі.
15 чэрвеня "Солар Лэнд" падала заяву аб банкруцтве ў Эканамічны суд Мінска.
Дарэчы, гэтая кампанія ўключаная ў спіс актываў, дзе замежным уласнікам забаронена прадаваць свае долі без узгаднення з беларускім урадам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.