Некалькі раёнаў Мінска засталіся без электрычнасці

Тры раёны Мінска засталіся без электрычнасці, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Адразу некалькі раёнаў Мінска засталіся без электрычнасці. Пра гэта жыхары горада паведамляюць у сацсетках.
На адсутнасць электрычнасці скардзяцца жыхары Фрунзенскага, Кастрычніцкага і Цэнтральнага раёнаў сталіцы.
"Мінсктранс" заявіў, што праз адсутнасць напружання спыніўся тралейбусны рух на маршрутах №№9, 31, 33, 37, 44, 66, 77 у Фрунзенскім раёне (вуліцы Прытыцкага, Цімашэнкі, Адзінцова, Якубоўскага, Адоеўскага, Бельскага, Панамарэнкі). Таксама не працуюць многія святлафоры.
У "Кантакт-цэнтры 115" паведамілі, што аварыйнае адключэнне ў Фрунзенскім, Цэнтральным і Кастрычніцкім раёнах горада працягнецца да 15:00. Прычынай адсутнасці святла назвалі аварыю на высакавольтнай лініі РЭС. Гэта выклікала рэзкі перапад напружання ў трох сталічных раёнах.
Як расказвала Еўрарадыё, два дні таму праз аварыю без электрычнасці заставаўся мінскі мікрараён Сцяпянка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.