Бясплатна, танна, за мільёны: колькі каштаваў вывад ядзернай зброі з Беларусі
Вывад ядзернай зброі / 90s.by
50 гадоў таму ўступіў у сілу Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. У ліпені 1993 года Беларусь стала першай дзяржавай, якая добраахвотна, "без усялякіх папярэдніх умоў і агаворак", адмовілася ад ядзернага патэнцыялу, які застаўся на тэрыторыі краіны пасля распаду СССР. Вывад ядзернай зброі з тэрыторыі нашай краіны завяршыўся да канца 1996 года.
Абсалютна бясплатна
Аляксандр Лукашэнка лічыць вывад ядзернай зброі з Беларусі памылкай. Ён упікае за гэта ранейшае кіраўніцтва краіны, якое рассталася з ракетамі без якіх-небудзь кампенсацый, — у адрозненне ад Украіны і Казахстана.
"Лічу, што вывад з Беларусі ядзернай зброі на тых умовах, як гэта было ажыццёўлена нашымі нацыяналістамі, было страшэннай памылкай, — казаў ён у 2010 годзе. — Мне давялося падпісваць гэты дагавор, таму што дзявацца не было куды: на мяне ціснулі і Расія, і амерыканцы — выводзьце, таму што паабяцалі. Нельга было, гэта найвялікшы здабытак, гэта дарагі тавар, які мы ўрэшце павінны былі добра прадаць".
"Я шкадую вельмі пра гэта, — калі я вывеў ядзерную зброю з Беларусі, — працягвае Лукашэнка праз чатыры гады на сустрэчы з расійскімі журналістамі. — Мы ж гэта зрабілі абсалютна бясплатна. Так, я мусіў выконваць дамоўленасці, прынятыя да мяне, гэта — абавязкова. Але думаю, што ў той блытаніне, у тым, што тады было, ніхто б на мяне празмерна не націснуў..."
Торг быў дарэчы
Дык што ж, Беларусь магла пакінуць ракеты ў сябе? Ці не магла, але пратаргавалася? Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч перакананы, што разважаць пра захаванне ядзернай зброі ў Беларусі могуць толькі тыя, хто не разумее, што гэта такое.
"Успомніце Ільфа і Пятрова: "Торг тут недарэчы". Жартаваць з такой зброяй вельмі небяспечна. Гэта пагражала Беларусі і беларускай нацыі. У нас былі комплексы, якімі можна было патэнцыйна знішчыць усю Еўропу".
Зрэшты, нейкі імправізаваны торг у пачатку 1990-х усё ж адбыўся.
"Я быў і ў ЗША, і тут сустракаўся з юрыстамі, — успамінае Станіслаў Шушкевіч. — Абмяркоўвалі праграму, маўляў, як бы і мы маглі таксама што-небудзь атрымаць, бо нас не давялося нават угаворваць выводзіць войскі. Мы ўсё цудоўна разумелі самі... Амерыканскім юрыстам далі суткі, каб яны вырашылі гэтае пытанне. Спачатку сума кампенсацыі была меншая, але пасля маёй паездкі ў ЗША мы спыніліся на 59 мільёнах долараў".
Хто больш?
59 мільёнаў долараў — гэта як мінімум не бясплатна. Але партал 90s.by пра Беларусь 1990-х гадоў, спасылаючыся на ўспаміны экс-міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі, называе лічбу на $100 млн большую!
У студзені 1992 года Беларусь заявіла пра тое, што не толькі выканае ўсе свае абавязацельствы, але і паскорыць вывад з краіны тактычнай ядзернай зброі. Гэта стала козырам у перамовах з амерыканцамі, якія вясной таго ж года распаўсюдзілі на нашу краіну дзеянне праграмы Нана — Лугара ["Праграма сумеснага памяншэння пагрозы", у рамках якой ЗША дапамагалі краінам былога СССР ва ўтылізацыі ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброі. — Еўрарадыё]. Яна прадугледжвала выдзяленне 250 мільёнаў долараў на мэты, звязаныя з гарантаваннем ядзернай бяспекі падчас дэмантажу, перадыслакацыі і знішчэння ядзерных боегаловак. Беларусь атрымала больш за 100 мільёнаў долараў. Заўважым, што пазней, у 1993 годзе, падчас візіту ў ЗША беларускай дэлегацыі на чале са Станіславам Шушкевічам Беларусь атрымала яшчэ 59 мільёнаў.
Зрэшты, Шушкевіч лічыць, што ў гэты тэкст закралася памылка, і настойвае на агучанай ім лічбе $59 млн.
А ці было што кампенсаваць?
Аляксандр Байчораў цяпер — прафесар кафедры міжнародных адносін БДУ, у 1990-х гадах узначальваў упраўленне міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі МЗС. Паводле яго слоў, перш чым разважаць пра тое, што Беларусь не атрымала за вывад ядзернай зброі кампенсацыі, варта згадаць, што на тэрыторыі нашай краіны не адбываўся дэмантаж ядзерных сістэм.
"Шмат размоў пра тое, што ўсе атрымалі кампенсацыю, а Рэспубліка Беларусь не атрымала. Але калі быць сумленным, то ў нас не адбываўся дэмантаж ядзерных сістэм на нашай тэрыторыі, — сказаў Байчораў, выступаючы 5 сакавіка на мерапрыемстве МЗС з нагоды 50-годдзя ўступлення ў сілу Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. — У нас былі самыя сучасныя ракеты, на цвёрдым паліве, яны не забруджвалі нашу прыроду".
Ва Украіне, напрыклад, сітуацыя была іншая. Там патрабавалася дэактываваць ракеты РС-18 (СС-19 па класіфікацыі НАТА) і РС-22 (СС-24) — зняць з іх боезарады і ачысціць тэрыторыю вакол шахтаў ад наступстваў знаходжання там ракет. Па некаторых крыніцах, кампенсацыя, якую атрымала Украіна, склала $900 млн.
З Беларусі ж выводзілі толькі мабільныя ракетныя комплексы "Таполя" з балістычнымі ракетамі. Такой сур'ёзнай дэактывацыі не патрабавалася, а значыць, і выдаткі былі істотна меншыя. Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што, выводзячы з краіны ядзерную зброю, Беларусь не толькі страціла міжнародны ўплыў, але і пратаргавалася. Але ці было ў прынцыпе за што плаціць сур'ёзную кампенсацыю?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.