Лукашэнка кажа, што завёз у Беларусь "не адзін дзясятак" ядзерных боегаловак
Ядзерныя боегалоўкі, ілюстрацыйнае фота
У Беларусь нібыта завезлі некалькі дзясяткаў боегаловак ядзерных ракет. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 снежня падчас паездкі ў Барысаў.
"Я сюды ўвёз ядзерныя боегалоўкі. Не адзін дзясятак штук. Многія пішуць: "А, гэта жарт, ніхто нічога не ўвёз". Увезлі. А тое, што яны гавораць, што гэта жарт, значыць, яны празявалі. Яны нават не заўважылі, як мы сюды іх завезлі", — перадае словы Лукашэнкі яго прэс-служба.
Сумневы ў тым, што на тэрыторыі Беларусі ёсць ядзерная зброя, выказвалі і айчынныя, і замежныя эксперты. Аб'яднанне былых беларускіх сілавікоў BELPOL ў лістападзе ў сваім расследаванні прыйшло да высноваў, што расійскай ядзернай зброі ў Беларусі няма.
Пазней на саміце NATO высокапастаўлены чыноўнік Альянса заявіў, што доўгатэрміновага размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі не было.
Тым не менш дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч сцвярджаў, быццам у Лукашэнкі ёсць і "чырвоная кнопка", і "ядзерны чамаданчык".
Пра размяшчэнне ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі было абвешчана ўлетку 2023 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.