У Астане Лукашэнка сказаў Пуціну, што чакае "Арэшнік" у Беларусі
На саміце ў Астане
У Астане на саміце АДКБ Аляксандр Лукашэнка сказаў Уладзіміру Пуціну, што чакае ракету "Арэшнік" у Беларусі: "Я тут "старэйшаму брату" пажартаваў: Ну, гавару, месцы гатовыя дыслакацыі. Калі?". "Падумаем", — адказаў Пуцін.
Гэты дыялог Лукашэнка пераказаў расійскаму прапагандысту Паўлу Зарубіну.
У сваім выступе на саміце Уладзімір Пуцін заявіў, што новая расійская ракета "Арэшнік" нібыта не мае аналагаў у свеце і яе ўжо запусцілі ў серыйную вытворчасць. Ён прыгразіў новымі ўдарамі па Украіне. Па яго словах, для іх цяпер выбіраюцца цэлі. Сярод іх, падкрэсліў Пуцін, могуць быць "цэнтры прыняцця рашэнняў у Кіеве".
Пра тое, што Расія правяла выпрабаванне найноўшай балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці "Арэшнік", ударыўшы па горадзе Дняпры, Уладзімір Пуцін заявіў 21 лістапада. Ён назваў яго адказам на украінскія атакі ракетамі ATACMS. Украінскія вайскоўцы сцвярджалі, што істотных наступстваў у выніку ракетнага ўдару не было.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Захад "крыху разгубіўся" пасля выпрабавання "Арэшніка": "Зброя добрая. Неядзерная зброя, а па сваёй магутнасці супастаўная з ядзернай зброяй. Але без радыяцыі, заражэння мясцовасці, аб'ектаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.