Былы намеснік міністра сувязі Беларусі, які "знік" у Маскве, затрыманы?
Дзмітрый Шадко / bsuir.by
Памочнік старшыні Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіла Мясніковіча Дзмітрый Шадко, верагодна, затрыманы. Пра гэта ў аўторак пішуць беларускія праваабаронцы. Напярэдадні стала вядома, што Шадко "знік" у Маскве — 10 сакавіка не прыйшоў на важную нараду і не адказваў на тэлефанаванні. Яго кватэру ўзламалі, але слядоў чагосьці крымінальнага паліцыя там не знайшла.
Раней Дзмітрый Шадко працаваў намеснікам міністра сувязі РБ, быў адным з лабістаў “дэкрэта аб лічбавай эканоміцы” (у міністэрстве працаваў з 2014 года). Вясной 2019-га КДБ абвяргаў яго затрыманне, звязанае з карупцыйнай справай гендырэктара “Белтэлекама” Сяргея Сівадзедава. Якраз у той час Шадко і змяніў працу.
Праваабаронцы сцвярджаюць, што Дзмітрый Шадко быў затрыманы ў Маскве. Высвятляецца, што ён знаёмы з некаторымі затрыманымі па справе дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.