КДБ абвяргае затрыманне намміністра сувязі, на працы кажуць: Шадко ў адпачынку
Раніцай 16 траўня з’явілася непацверджаная інфармацыя пра затрыманне першага намміністра сувязі Дзмітрыя Шадко. Блогер спасылаецца на крыніцы ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі і сцвярджае, што затрыманне звязанае з карупцыйнай справай гендырэктара “Белтэлекама” Сяргея Сівадзедава, якога КДБ затрымаў два тыдні таму.
У прыёмнай Міністэрства сувязі Еўрарадыё распавялі, што звязацца з Дзмітрыем Шадко зараз немагчыма. Чыноўніка няма на месцы, таму што ён “знаходзіцца ў адпачынку да 24 траўня”.
У прэс-службе Камітэта дзяржбяспекі нам паведамілі, што ведамства не затрымлівала чыноўніка і крымінальнай справы супраць яго няма:
“КДБ не затрымліваў намесніка міністра сувязі і інфарматызацыі спадара Шадко, — распавёў кіраўнік прэс-службы КДБ Андрэй Яраш. — А крымінальная справа не можа ўзнікнуць без затрымання. Няма затрымання — няма крымінальнай справы”.
У Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шадко з 2014 года, перайшоў туды з Міністэрства інфармацыі. Ён вядзе пытанні, звязаныя з электрасувяззю. Шадко курыруе дзейнасць дзяржаўных прадпрыемстваў “Белтэлекам” і “БелДІЭ”, а таксама ААТ “Прамсувязь”.