Чаму морква з Нідэрландаў у краме таннейшая за беларускую?
“У нас і бульба, і капуста таннейшыя замежныя. Бяруць і тую, і тую, напалову”, — здзіўляюць у краме.
На паліцах брэсцкай “Кароны” карыстальнікі фэйсбука заўважылі беларускую моркву па 8870 за кілаграм. Поруч — тая ж гародніна з Нідэрландаў, чыстая і памытая, ды на 100 рублёў таннейшая.
“У нас і бульба, і капуста таннейшыя замежная. Бяруць і тую, і тую, напалову”, — здзіўляюць у “Кароне”.
Чаму так, высвятляем у пастаўшчыка айчыннай гародніны "Плодаагародніна".
“Такое бывае. Яблыкі з дастаўкай і растаможкай каштуюць столькі ж, як тут вырасціць. Македонскую і польскую капусту было танней прывесці — 6400 за кілаграм сабекошт. А першую беларускую набывалі па 12 тысяч, але гэта першая. А цяпер ужо 4 тысячы”, — тлумачаць Еўрарадыё пастаўшчыкі.
Атрымліваецца, македонская маладая капуста ўдвая таннейшая за беларускую. І гэта разам з дарогай! Раннюю гародніну пастаўшчыкі набываюць у фермераў, бо ў калгасах яшчэ не вырасла. Адсюль і цэны.
“У Беларусі ўсё першае — дарагое. Калгасы пакуль нічога не прапаноўваюць. Таму ў фермераў бяром, прыватных асоб. А наогул праблема ёсць, што нашае тут даражэйшае, чым прывазное”, — працягваюць пастаўшчыкі.
“Беларускае бывае даражэйшым, калі яго пастаўляюць адзіночныя фермерскія гаспадаркі, а замежная гародніна пастаўленая на вытворчы паток”, — адразу кажа фермер з Оршы Адам Сапешка.
“Прамысловая вытворчасць там інтэнсіўная, маштабная, у нас большая частка адзіночных фермераў, якія хіміяй не карыстаюцца, самі вядуць гаспадарку”, — тлумачыць Адам.
І дадае, што фермерам не заўжды выгадна працаваць з крамамі, бо тыя патрабуюць пастаянных цэн, а яны могуць змяняцца!
“Звяртаюцца крамы, высылаюць дамову і прапісваюць там, каб я разлічыў цану, узяў даведку, якая дарагая, і пастаўляў прадукт кожны дзень, колькі замовяць. А калі ў мяне закончыцца прадукт? Да таго ж цана: яна мяняецца ледзь не кожны дзень! А яны хочуць пастаяннай. Так і не дамовіліся”, — дадае Адам і возіць зеляніну і цыбулю ў Смаленск.
За першыя чатыры месяцы года ў Беларусі прадалі імпартнай морквы і рэпы на 780 тысяч долараў, падлічвае Белстат. Найбольш прывозілі з Польшчы і Літвы.
Фота 1: agroimeks.com