Чаму суд у закрытым рэжыме — знак таго, што "рэжыму не ўсё роўна"

Максім Знак і Марыя Калеснікава ў судзе / sb.by
Максім Знак і Марыя Калеснікава ў судзе / sb.by

Беларускаму рэжыму не абыякавая думка грамадскасці, лічыць прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі. Інакш яны не рабілі б суд над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам закрытым.

"Калі б ім было ўсё роўна, яны б не знішчалі адвакатуры, яны б не знішчалі незалежных медыя, яны не здзяйснялі б тых рэпрэсій, якія здзяйсняюць цяпер. Таму відавочна, што рэжыму — не ўсё роўна", — лічыць Зікрацкі.

Ён заклікае памятаць, што рэжым складаецца з людзей, якія ў тым ліку будуць прымаць удзел у судзе над Калеснікавай і Знакам.

"І суддзя, і пракурор, і следчыя — гэта звычайныя людзі, якія жывуць у звычайных дамах, маюць суседзяў і родных", — кажа Зікрацкі.

Ён лічыць, што менавіта для таго, каб родныя і блізкія гэтых людзей не сачылі за ходам пасяджэння, суд праходзіць у закрытым рэжыме.

"І гэта дае надзею на тое, што нешта зменіцца. У гэтых людзей ёсць сумленне, і яны разумеюць, што робяць няправільныя рэчы. І таму той факт, што яны спрабуюць гэта схаваць, дае надзею на тое, што яны зменяцца і ў пэўнай сітуацыі перастануць падтрымліваць рэжым", — лічыць Зікрацкі.

Ён расказаў, што ні разу не абмяркоўваў з Максімам Знакам, ці была крымінальная справа ў дачыненні да яго нечаканай для яго самога. Зікрацкі дадае: большая частка беларусаў не чакала такога жорсткага адказу ўлады на пратэсты.

"Такі напал рэпрэсій быў нечаканым для вялікай колькасці людзей. Тут не трэба гаварыць асобна пра Максіма Знака, трэба гаварыць, што сітуацыя ў цэлым даволі складаная", — кажа Зікрацкі.

Ці абмяркоўвалася забастоўка ў асяроддзі адвакатаў і ці варта працягваць спадзявацца на апраўдальны прысуд для Марыі Калеснікавай і Максіма Знака? Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё разважаў Сяргей Зікрацкі.

Рэжыму не ўсё роўна?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі