Ці чакаюць жанчыны з зоны АТА віншаванняў з 8 сакавіка?

Можна называць гэты дзень “Днём маці”, “святам вясны” ці неяк інакш, але ў Беларусі 8 сакавіка па-ранейшаму застаецца ўсеагульным святам. Так бы мовіць, “жаночы дзень”. Не падараваць хаця б кветкі ў гэты дзень сваім жанчынам ў сям’і і на працы лічылася дрэнным густам ва ўсіх постсавецкіх краінах. У тым ліку ва Украіне. Але цяпер там вайна… Ці чакаюць жанчыны ў АТА кветак ад украінскіх салдат і ці лічаць увогуле гэты дзень святочным?

З валанцёрам Таццянай Рычковай тэлефоннае знаёмства я падтрымліваю ўжо больш за паўгода. Таму ў адказ на пытанне, ці лічыць яна 8 сакавіка святам, яна амаль па-свойску са смехам папярэджвае: “Я табе зараз адкажу не толькі шчыра, але нават і крыху груба!”

“Увогуле, гэта ж свята чыкагскіх жанчын лёгкіх паводзін, да якіх я сябе не адношу і для сябе гэты дзень святам не лічу”, — весела, нібыта спадзяецца, што такім адказам мяне збянтэжыла, кажа Таня. 

                                  Таццяна Рычкова

Але на самай справе такі адказ зусім нечаканым не становіцца. Справа ў тым, што перад размовай з Таццянай размаўляў з яшчэ адной сваёй даўняй “віртуальнай” знаёмай з зоны АТА — Ядвігай Гданьскай. Ядвіга, паміж намі, увогуле ўнікальны чалавек, так бы мовіць, два ў адным — яна і ваенны інструктар ў добраахвотным батальёне “Крыўбас”, і баец ДУК “Правы сектар”. Ядвіга пра гэты знакавы для савецкіх мужчын дзень выказваецца ўвогуле абыякава: “Вельмі ніяк я да яго стаўлюся — ну, дзень як дзень і ўсё”…

Валанцёр Ксенія Быкава сёння чарговы раз выязджае з грузам на перадавую. І 8 сакавіка будзе сярод сваіх сяброў-вайскоўцаў у зоне АТА. Яна ўвогуле катэгарычная ў сваім стаўленні да гэтага “жаночага” свята: “Я яго ўжо больш за 12 гадоў не адзначаю — не люблю я гэтае свята!”

Дарадца Каламойскага Таццяна Губа больш часу праводзіць у шпіталях з параненымі, чым у кабінетах Днепрапятроўскай аблдзяржадміністрацыі. У сацсетках яе ведаюць не як чыноўніцу, а як валанцёра, які дапамагае сваякам знайсці загінулых ці зніклых украінскіх вайскоўцаў.  Перш чым адказаць на пытанне пра 8 сакавіка, Таццяна не саромеючыся кажа, што ёй ужо 53 гады.

“І тут усё залежыць ад узросту, — разважае дарадца Каламойскага. — Маладая дзяўчына па-свойму гэта ўспрымае, у тых, каму за 50, іншыя асацыяцыі. Для мяне 8 сакавіка — гэта свята вясны, а вось менавіта як “жаночае свята” я яго не ўспрымаю”.

                                            Таццяна Губа ў шпіталі

Іншая справа, што 8 сакавіка — свята не толькі жаночае, але і мужчынскае. Ну, ці магчымасць афіцыйна “адсвяткаваць”. І чым бы ні завяршылася ў выніку святкаванне для мужчынскай часткі, пачынаецца ўсе з кветак і падарункаў. Мае суразмоўцы, патупіўшы вочкі, прызнаюцца, што незалежна ад свайго стаўлення да гэтага дня, ад падарункаў адмаўляцца не збіраюцца. “Калі яны мяне з падарункамі сустрэнуць, я іх, вядома, буду дзякаваць”, — кажа Таня Рычкова. “Ад прыемных віншаванняў ці нейкі падарункаў ніколі не адмаўляюся — заўжды гатовая”, — падтрымлівае Ядвіга Гданьска. Прасцей Ксеніі Быкавай: у яе так супала, што не давядзецца рабіць выгляд святкавання 8 сакавіка.

Ксенія Быкава: “А я дакладна ведаю, што мне хлопцы на перадавой рыхтуюць падарункі. Як заўжды ў канцы тыдня, я да іх еду, і яны мяне чакаюць. Але справа ў тым, што ў мяне толькі што быў дзень народзінаў, і яны ўсе мяне чакаюць, каб павіншаваць менавіта з народзінамі!”

Міжволі размова пра свята пераходзіць на больш філасофскія тэмы. Да прыкладу, ці месца святу на вайне? Ваенны інструктар Ядвіга Гданьска палову жыцця прахадзіла “ў пагонах”. І развагі пра свята ў акопах у яе адпаведныя.

“Не, ну не тое каб святы ладзіць, але, выбачайце, “франтавыя” 50 грамаў з нейкай нагоды ніхто не адмяняў! Тым больш людзі знаходзяцца ў такім становішчы, калі кожны дзень можа быць апошнім. Чаму б і не? Ведаеш, там прысутнічае ўсё: і святы, і радасць, і весялосць, і жарты — жыццё не спыняецца. А можа, нават яшчэ больш абвастраецца ў тых умовах”.

                          Ядвіга Гданьска

Таня Рычкова, наадварот, адмахваецца ад пытання: “Ай, там не да святаў! Шчыра табе скажу — яны там нават не ведаюць, які цяпер дакладна дзень тыдня і якая дата”…

Я і раней заўважаў, што жанчыны, якія большасць часу вымушаныя праводзіць у зоне баявых дзеянняў, не любяць гаварыць пра сябе. Хутчэй ад іх пачуеш пра жыццё і подзвігі іх пабрацімаў. Нават на пытанне “Што для вас самае страшнае на вайне?” адказваюць аднолькава — атрымліваць звесткі, што нехта з тваіх баявых сяброў загінуў.

І тут само ўзнікае пытанне пра тое, ці месца жанчыне на вайне. Адказ за ўсіх дае Ксенія Быкава:

“Мне не падабаецца гэтая фраза: “У вайны не жаночы твар” і ўсё астатняе. А карміць іх хто будзе, а апранаць, а раны перавязваць? Там, дарэчы, вельмі шмат жанчын: і дзяўчаты-снайперы, і медыкі. І проста пазаставаліся дзяўчаты, якія больш не хацелі валанцёрыць, бо цяпер эканамічная сітуацыя вельмі цяжкая, і яны туды паехалі, каб элементарна хлопцам есці гатаваць! Такое вось, я вам сур’ёзна кажу. Я да ўсяго тут прывыкла: я аб’ехала увесь фронт, і ў мяне ўвесь час “гарачыя кропкі”. Я не магу сказаць, што мне не страшна — канечне, страшна! Кожны раз, калі заязджаем у АТА, абавязкова то міны, то “Грады”, то яшчэ што-небудзь. Але ўсё адно і пад абстрэл выязджаем… Нейкі ўжо нават імунітэт на гэта выпрацаваўся. У мяне нават маці перастала плакаць. Яна па-ранейшаму перажывае, але цяпер ужо не так мне “любіць” мозг, як раней. Сказала: “Гэта твой выбар — рабі што хочаш. Проста будзь акуратнай”. А вы кажаце, ці месца жанчыне на вайне...”

                                                Ксенія Быкава з пабрацімамі

Як ні дзіўна, але пасля пачутых слоў жаданне павіншаваць гэтых жанчын не знікла — хаця б з вясной. 

Фота з архіваў Таццяны Рычковай, Ядвігі Гданьскай, Ксеніі Быкавай і Таццяны Губы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі