Работнікі Vokswagen страйкуюць, а брытанцы легалізуюць эўтаназію — #ІхНоравы
Супрацоўнікі Volkswagen хутка будуць баставаць
Брытанскія дэпутаты хочуць легалізаваць асіставанае самагубства. ТікТок мог рассылаць дэзінфармацыю ў Ірландыі. Нямецкія рабочыя неўзабаве пачнуць страйк на заводах Volkswagen. Еўрадэпутаты разносяць у пух і прах спадчыну Ангелы Меркель.
Расказваем, чым жыве свет, у штодзённай рубрыцы "Іх норавы".
Вялікабрытанія хоча дазволіць асіставаную эўтаназію
У Вялікабрытаніі праходзяць дэбаты пра легалізацыю эўтаназіі. Парламент рыхтуецца разгледзець законапраект, які дазваляе смяротна хворым дарослым прасіць дапамогі ў спыненні жыцця.
Цікава, што першай краінай у свеце, якая легалізавала эўтаназію, сталі Нідэрланды ў 2002 годзе. Тут працэс магчымы пры выкананні шасці крытэрыяў, уключаючы добраахвотнасць запыту пацыента і пацверджанне адсутнасці альтэрнатыў.
Падобная мадэль дзейнічае ў Бельгіі, дзе з 2014 года эўтаназія даступная і непаўналетнім пры згодзе бацькоў.
Таксама дазвол на эўтаназію або дапамогу ў сыходзе з жыцця даюць Люксембург, Іспанія, Партугалія, Германія, Аўстрыя і Швейцарыя.
Дыскусіі пра легалізацыю працягваюцца і ў іншых краінах Еўропы. Напрыклад, Францыя разглядае законапраект пра сыход з жыцця ў строгіх умовах, а Ірландыя ацэньвае рэкамендацыі што да ўвядзення адпаведнага заканадаўства.
Тым часам Вялікабрытанія рыхтуецца зрабіць выбар, які можа істотна змяніць стаўленне грамадства да пытання свабоды выбару ў завяршэнні жыцця.
TikTok мог распаўсюджваць дэзінфармацыю на выбарах у Ірландыі
Міжнародная арганізацыя Global Witness заявіла пра сур'ёзныя прабелы ў мадэрацыі кантэнту TikTok. Платформа ўхваліла рэкламныя ролікі з ілжывай інфармацыяй пра выбары ў Ірландыі.
У рамках расследавання выявілася, што было створана 14 відэа на англійскай і ірландскай мовах з фэйкамі, уключаючы сцверджанні пра неабходнасць прышчэпак для галасавання і магчымасці галасаваць праз Facebook.
TikTok ухваліў 11 з іх, што выклікае пытанні наконт якасці аўтаматычнай мадэрацыі.
У кампаніі адзначылі, што ніводная з гэтых абвестак не была апублікаваная і большасць адхілілі на этапе праверкі. Платформа падкрэслівае забарону на палітычную рэкламу і наяўнасць спецыяльнага інфармацыйнага цэнтра для выбараў.
Аднак Global Witness паказвае на адсутнасць мадэратараў, якія валодаюць ірландскай мовай, што абцяжарвае кантроль мясцовага кантэнту.
На фоне абвінавачанняў TikTok застаецца пад ціскам Еўракамісіі, якая працягвае расследаванне, звязанае з парушэннямі ў галіне абароны дзяцей.
Гэтыя падзеі супадаюць з нечаканай перамогай ультранацыяналіста Каліна Джарджэску на выбарах у Румыніі, дзе TikTok таксама адыграў ключавую ролю.
Супрацоўнікі Volkswagen у Германіі рыхтуюцца страйкаваць
Работнікі Volkswagen у Германіі пачнуць страйкі ў пачатку снежня праз правал перамоваў з кіраўніцтвам. Прафсаюз IG Metall заявіў, што пратэсты неабходныя, бо кампанія плануе закрыць тры заводы, скараціць тысячы працоўных месцаў і знізіць заробкі на 10%. Работнікі патрабуюць перагледзець меры, прапаноўваючы адмовіцца ад бонусаў для менеджменту.
Volkswagen тлумачыць скарачэнні зніжэннем попыту на электрамабілі, ростам канкурэнцыі з кітайскімі вытворцамі і эканамічным спадам у Германіі. Кіраўніцтва кампаніі заяўляе, што без зніжэння выдаткаў на працоўную сілу немагчыма забяспечыць стабільную будучыню і фінансаванне новых распрацовак.
Прафсаюз настойвае, што рашэнне канфлікту застаецца за кіраўніцтвам. Страйкі могуць зацягнуцца, калі бакі не дасягнуць кампрамісу ў найбліжэйшыя тыдні.
Еўрадэпутаты раскрытыкавалі спадчыну Ангелы Меркель пасля выхаду яе мемуараў
Былая канцлерка Германіі Ангела Меркель апублікавала аўтабіяграфію пад назвай "Свабода". У ёй яна расказала пра свой палітычны шлях і ключавыя рашэнні за 16 гадоў на пасадзе кіраўніцы ўрада.
На 700 старонках кнігі яна тлумачыць, у прыватнасці, адмову ад паскоранага ўступлення Украіны і Грузіі ў NATO, лічачы гэта нерэалістычнай абаронай ад расійскай агрэсіі.
Рашэнне Меркель зазнала крытыку ў Еўрапарламенце. "Гэта была памылка, — заявіў еўрадэпутат Віргініюс Сінкявічус, — гэта магло б стаць выразным сігналам Пуціну”.
Яе палітыку таксама асудзілі за залежнасць Германіі ад расійскага газу. На думку Мікеле Пікара, такая стратэгія аслабіла Еўропу, дазволіўшы Пуціну ўплываць на яе энергетыку.
Аднак у Меркель ёсць і прыхільнікі. Сябра Еўрапейскай народнай партыі Радан Канеў адзначыў яе заслугі ў выратаванні еўразоны ў разгар пазыковага крызісу.
“Еўропа і Грэцыя былі на мяжы краху, і яна ўтрымала іх на плаву”, — падкрэсліў ён.
Мемуары ўжо сталі нагодай для гарачых дыскусій пра палітычную спадчыну Меркель.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.