Ці паступаць у аспірантуру залежыць ад чыноўнікаў і суду

Днямі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вырашылі нарэшце навесці парадак у заканадаўчых актах, датычных выпускнікоў і іх узамаадносінаў з размеркаваннем і агульным вайсковым абавязкам. Але як стала вядома Еўрарадыё, у Законе аб вышэйшай адукацыі даўно існуе палажэнне, якое дае адтэрміноўку і ад службы ў войску, і ад размеркавання тым, хто вырашыў працягваць навучанне і паступіў у аспірантуру альбо магістратуру. Толькі права на гэтую адтэрміноўку часам даводзілася даказваць, да прыкладу, той жа прызыўной камісіі. Цяпер, гаворыць старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч, прагных да навукі пазбавілі гэтай небяспекі.

Уладзімір Здановіч: “Калі вы пачытаеце Палажэнне аб размеркаванні выпускнікоў Вышэйшых навучальных устаноў, то вы там ужо знойдзеце гэтую норму, у якой гаворыцца, што ў тым выпадку, калі выпускнік ВНУ паступае атрымліваць больш высокі ўзровень адукацыі, то ён вызваляецца ад абавязковага размеркавання і, нават, ад службы ва ўзброеных сілах. На час гэтага навучання”.

Па словах дэпутата, гэта тычыцца не толькі тых, хто працягвае навучанне на радзіме, але і тых, хто навучаецца ў замежных ВНУ. Прычым, былых студэнтаў не прымушаюць вернуць дзяржаве затрачаныя на іх навучанне грошы.

Уладзімір Здановіч: “Можна атрымліваць адукацыю больш вышэйшага ўзроўню не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. У гэтым выпадку ён таксама атрымлівае адтэрміноўку і вызваляеца ад абавязковай выплаты грошай за яго навучанне”.

Дэпутат кажа, што, каб пазбегнуць выплаты грошай за навучанне, будучаму аспіранту дастаткова папярэдзіць аб сваім жаданні працягваць навучанне Міністэсртва адукацыі. І сцвярджае, што не было ніводнага выпадку, каб у магчымасці навучацца далей камусьці адмовілі.

Між тым, днямі ў судзе Маладзечанскага раёна разглядалася справа студэнта апошняга курса факультэта міжнародных адносінаў Маскоўскага інстытута міжнародных адносінаў Віталя Алейніка. У свой час, пасля года навучання ў БДУ, яго накіравалі вучыцца ў Маскву. Цяпер выдатніку з Беларусі прапанавалі працягнуць навучанне ў аспірантуры МГІМО. Але Міністэрства замежных спраў Беларусі ва ўльтыматыўнай, па яго словах, форме запатрабавала альбо вяртання судэнта на радзіму і адпрацоўкі двух гадоў, альбо выплаты патрачаных на яго навучанне грошай. У адпаведнасці з падпісанай паміж ім і МЗС дамовай.

Віталь Алейнік: “Атрымаў ліст ад МЗС, дзе было напісана, што нам рэкамендуюць прыехаць і пачаць працу ў міністэрстве. Я вымушаны быў адказаць, што паколькі я працягваю навучанне, то не магу прыехаць на працу і вымушаны адмовіцца ад падпісанай дамовы”.

МЗС запатрабавала вернуць грошы за навучанне. Студэнт падаў у суд скаргу на мінсітэрства. Але суд прыняў рашэнне спагнаць з будучага дыпламаты грошы. Еўрарадыё пацікавілася, ці папярэджваў ён Міністэрства адукацыі аб сваім жаданні працягнуць навучанне?

Віталь Алейнік: “Першы раз ад вас чую, што трэба было папярэджваць Мінсітэрства адукацыі!. Я лічыў, што працяг навучання гэта гарманічны працэс. Яшчэ мог падумаць, што МЗС трэба неяк паставіць да ведама, але пра Міністэрства адукацыі не ведаў”.

Пацікавілася Еўрарадыё і чаму ён у першым жа сваім лісце да МЗС выказаў жаданне скасаваць дамову з міністэрствам. Не дачакаўшыся адказу на сваё паведамленне аб паступленні аспірантуру і на сваё жаданне ў будучым абавязкова прыйсці туды на працу. Па словах студэнта, пажаданне МЗС аб яго хутчэйшым вяртанні было выказана ў такой ультыматыўнай форме, што ён не толькі быў упэўнены ў адмоўным адказе, але і баяўся, што беларускія дыпламаты некім чынам паўплываць на кіраўніцтва МГІМО і яму адмовяць у аспірантуры.

Віталь Алейнік: “Была боязь таго, што з боку міністэрства будуць нейкія захады да кіраўніцтва, каб не прымалі на далейшае навучанне і таму вырашана было з міністэствам не працягваць адносіны”.

Суддзя суду Маладзечанскага раёна Яўген Казлоў не толькі абавязаў Віталя Алейніка выплаціць на карысць дзяржавы 12 мільёнаў рублёў, што былі затрачаныя на яго навучанне, але і прысудзіў аплаціць судовыя затраты ў суме 600 тысяч рублёў. А на пытанне Еўрарадыё пра тое, наколькі яго рашэнне адпавядае Палажэнню аб абавязковым размеркаванні, што вызваляе такіх людзей, як Віталь Алейнік ад вяртання сродкаў за навучанне, адказаў, што лічыць сваё рашэнне правільным. А патлумачыць, чаму так, паабяцаў пасля таго, яго яно набудзе законную сілу.

Яўген Казлоў: “Пакуль рана каментаваць. Судом прынята рашэнне, грошы спагнаныя. Але пакуль яно не ўступіла ў законную сілу. Я сыходжу з таго, што яно правільнае, законна абаснаванае, бо я ж выносіў гэта рашэнне!”

Абскарджваць рашэнне суду ці не будучы дыпламат пакуль не вырашыў. Толькі падача касацыйнай скаргі будзе каштаваць яму яшчэ 600 тысяч рублёў. Але, кажа, ужо ведае, што працаваць ў беларускім МЗС наўрад ці будзе. І не разумее, чаму ад адной паперкі – дазволу Міністэрства адукацыі – залежыць далейшы лёс чалавека.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі