"Цыбульнага плантатара" Ёрга Дорнау падазраюць у абыходзе санкцый ЕС

Перадвыбарчы плакат Ёрга Дорнау

Перадвыбарчы плакат Ёрга Дорнау / старонка Ёрга Дорнау у Фэйсбуку

Скандальна вядомага саксонскага палітыка Ёрга Дорнау падазраюць у абыходзе санкцый ЕС і пастаўцы тэхнікі ў Беларусь паводле фальшывых дакументаў. За гэта яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі. Расследаванне на гэтую тэму правёў рэгіянальны тэлеканал MDR Fernsehen, заўважыў сайт reform.news.

Журналісты сцвярджаюць, што беларуская кампанія "Цыбулька-Бел", сузаснавальнікам якой з'яўляецца Дорнау, стала канчатковым атрымальнікам тэлескапічнага пагрузчыка Manitou MLT 731 у жніўні 2022 года. Гэтая тэхніка забароненая для паставак у Беларусь. Згодна з дакументацыяй агрэгат быў адпраўлены з Польшчы саксонскай кампаніяй "Landprojekt Dornau" у Казахстан, але апынуўся ў Беларусі.

Такую схему абыходу санкцый называюць "фальшывым транзітам": падсанкцыйны тавар трапляе ў Беларусь з ЕС нібыта транзітам, але потым тэрыторыю краіны не пакідае. Падмяняецца толькі дакументацыя.

Аўтары расследавання заяўляюць, быццам Дорнау асабіста займаўся мытнымі дакументамі і нават загадаў зрабіць змены ў запісе ў дакументах.

Саксонскі дэпутат ад папулісцкай партыі "Альтэрнатыва для Германіі" Ёрг Дорнау ўвосень 2020-га стаў сузаснавальнікам кампаніі "Цыбулька-Бел" і не паведаміў падчас выбараў пра свой бізнес у Беларусі. Калі гэты факт выявіўся, падзеі пакаціліся лавінай. Высветлілася, што на цыбульнай ферме ў Лідскім раёне выкарыстоўваецца праца палітвязняў. Нямецкая пракуратура пачала папярэдняе расследаванне па гэтым факце. Ад палітыка адхрысціліся нават яго паплечнікі па партыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі