Як мы шукалі адказы пра Дорнау, які выкарыстоўвае працу палітзняволеных
Ёрг Дорнау
Пра дзейнасць нямецкага бізнесмена ў Беларусі мясцовая прэса пісала яшчэ ў 2020 годзе. Тады Ёрг Дорнау сустракаўся са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам. Немец толькі планаваў заняцца вырошчваннем цыбулі на экспарт. У жніўні 2021-га яго кампанія "Цыбулька-Бел" пахвалілася першым ураджаем з 1555,4 гектара зямлі.
Сёлета нямецкая прэса звярнула ўвагу на тое, што дэпутат парламента зямлі Саксонія Ёрг Дорнау ад партыі "Альтэрнатыва для Германіі" (AfD) схаваў свае сувязі з Беларуссю. У выніку саксонскі парламент аштрафаваў яго на 20 862 еўра.
Ёрг Дорнау. Жыве пад Ляйпцыгам. Фермер, мае сярэднюю спецыяльную адукацыю. З 2016 года — сябра ультраправай партыі "Альтэрнатыва для Германіі" (AfD), з 2019-га — дэпутат парламента зямлі Саксонія ад AfD па сельскагаспадарчай палітыцы.
Германія
Спачатку мы выслалі запыты спадару Дорнау на яго электронную пошту, праз паведамленні ў Фэйсбуку і праз старонку парламента зямлі Саксонія. Адказу не было.
Тое самае было з запытам у сам парламент і ў цэнтральны апарат партыі "Альтэрнатыва для Германіі".
Варта адзначыць, што ўсе запыты былі перакладзеныя на нямецкую мову, але гэта не дапамагло.
Наступным крокам было патэлефанаваць.
Мы пазванілі ў парламент зямлі Саксонія, там нас спрабавалі перакіраваць у офіс Дорнау, але апошняга не было на месцы. Спачатку нам прапанавалі ператэлефанаваць, але ў выніку скіравалі да прадстаўніка AfD у Саксоніі, які сказаў выслаць запыт, бо прэс-сакратара цяпер няма.
Па адным з нумароў фірмы мы атрымалі стрыманы адказ: “Мы не размаўляем”.
Бонус
Нягледзячы на тое, што, паводле супрацоўнікаў “Цыбулька-Бел”, Дорнау рэдка бывае на плантацыі, нямецкія журналісты высветлілі, што палітык і бізнесовец у 2019—2021 гг. наведваў Беларусь больш за 20 разоў.
Акрамя самога Ёрга Беларусь часта наведвала ягоная жонка Юлія. У сваіх сацсетках яна посціць шмат фатаздамкаў з падарожжаў, больш у заходняй частцы краіны. У яе вельмі шмат сяброў у Гродненскай вобласці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.