Далідовіч: Сышоў з дыстанцыі праз праблемы з бронхамі
Лыжнік Сяргей Далідовіч, які сёння зняўся з дыстанцыі на алімпійскіх спаборніцтвах па скіятлоне, патлумачыў прычыну такога ўчынку.
“Сышоў сёння з дыстанцыі праз праблемы з бронхамі і ўсім, што з гэтым звязана. Цяпер адчуваю сябе нармальна. Шкада толькі, што падвёў усіх, хто за мяне заўзее. Гэта мае старыя балячкі. Калі тэмпература ніжэй за -15, стараюся не бегаць. На стадыёне было -12, на дальняй кропцы ўжо -17. Плюс вецер. Калі і далей будзе такі мароз, то будзе цяжкавата, але спадзяюся на лепшае. Ну, і хочацца верыць, што ў мяне толькі з дыханнем праблемы. Наступная гонка 16 лютага, час на аднаўленне маю. Веру, што далей будзе лепей! Усім дзякуй за падтрымку!” — напісаў спартсмен на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
44-гадовы Сяргей Далідовіч сышоў з дыстанцыі ў самым пачатку гонкі і не дабраўся нават да адзнакі 4,63 км.
Для яго гэта сёмыя Алімпійскія гульні. Нацыянальны Алімпійскі камітэт не хацеў дапускаць яго да ўдзелу ў Гульнях у Пхенчхане, спасылаючыся на немалады ўзрост спартсмена. Тады лыжнік абвясціў краўдфандынгавую кампанію на платформе Talaka.by, каб сабраць сродкі для ўдзелу ў Алімпіядзе. Кампанія была паспяховай: спартсмен-ветэран сабраў болей за 30 тысяч беларускіх рублёў.