Дарт Вейдэр не змог прагаласаваць у Адэсе, а Чубаку затрымала паліцыя (фота)
Ва Украіне 25 кастрычніка праходзяць мясцовыя выбары. У Адэсе прагаласаваць прыбыў Цёмны лорд Дарт Вейдэр. Як піша мясцовая "Думская газета", Уладыка сітхаў не змог прагаласаваць на сваім участку ў гімназіі №9. Яго не апынулася ў спісе, хоць уся яго сям'я змагла прагаласаваць. Сам Вейдэр кажа, што быў у спісе выбарцаў на ўсіх выбарах з 1991 года. На яго думку, адсутнасць яго ў спісе сведчыць пра фальсіфікацыі.
У дадатак, каля выбарчага ўчастка паліцыя затрымала паплечніка Дарта Вейдэра — касмічнага пілота і кантрабандыста Чубаку. Ён быў за рулём аўто, якое даставіла Цёмнага лорда на ўчастак. Канфлікт узнік праз няправільна прыпаркаваны аўтамабіль. Чубака не змог паказаць паліцыянтам дакументы, якія пацвярджаюць яго асобу, а таксама дакументы на права кіравання транспартам.
На Вейдэра склалі адміністратыўны пратакол, а Чубаку забрала паліцыя.
Фота: 1tv.od.ua і dumskaya.net