“Дзень добры, які дужы кот!” Як зняць кватэру з хатнім гадаванцам

Спыталі ў беларусаў, у якім горадзе прасцей за ўсё зняць жыллё, калі ў цябе ёсць кот

Спыталі ў беларусаў, у якім горадзе прасцей за ўсё зняць жыллё, калі ў цябе ёсць кот / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Каб зняць кватэру, трэба спадабацца гаспадару кватэры. А досвед беларусаў у розных краінах паказвае, што спадабацца лендлорду прасцей, калі ў цябе няма ката ці сабакі. Але некаторым лендлордам каты падабаюцца нават больш, чым арандатары.

Мы распыталі беларусаў у розных краінах, як яны шукалі жыллё з хатнімі гадаванцамі. Узроўні складанасці падчас праходжання гэтага квэсту ў нашых суразмоўцаў былі рознымі — адзін кот, тры каты і коргі.

 

“Кот імкліва даражэе, калі драпае канапу. Час яму на працу”

Аксана, шукала кватэру ў Польшчы

Узровень складанасці: адзін кот

Я пачну з галоўнага: няма нават гаворкі пра тое, каб пакінуць ката, а самому з'ехаць! Ну, толькі калі кот не застаецца ў сваім доме з нейкімі блізкімі людзьмі. Я чула розныя гісторыі, маўляў, з катом складана знайсці жыллё. Ну, не ведаю. Калі я дапамагала сястры шукаць кватэру, то адзін раз нам адразу адмовілі, а на другі адразу ж пагадзіліся.

Але, дарэчы, кватэра рэальна выбіраецца пад ката! Даводзіцца прадумваць, дзе размясціць усю яго маёмасць, туалецік, цацкі, ляжанкі. Для сябе мы выбіраем так: о, ну тут мы будзем спаць, тут — есці. Нам пасуе. А для ката: "О, тут яму спадабаецца глядзець у акно", "тут свеціць сонца, ён будзе грэцца", "тут ён будзе хавацца" і гэтак далей.

Мы нядаўна пераязджалі, і я тэлефанавала гаспадыні ўдакладніць, ці згодная яна на ката. І яна адказала: я вельмі люблю жывёл, у мяне самой каты-сабакі. Яе мінулыя жыхары былі з сабакам, і яна не была супраць.

“Дзень добры, які дужы кот!” Как снять квартиру с домашним питомцем
Нават кот разумее / Euroradio

Але на мінулай кватэры наш кот нашкодзіў, падрапаў канапу і трохі сапсаваў ламінат, бо ў яго здаралася пасікаць у неналежным месцы. Шчыра кажучы, гэта ўсё таму, што мой малады чалавек жыў з катом па-суседску, і толькі калі я да яго пераехала, то ўзялася за догляд і выхаванне. Вядома, шкода ўжо была нанесеная, і мы ад гэтага не адхрышчваліся. Але разумелі, што за ламінат нам не вернуць заклад. Таму мы адважыліся на невялікую махінацыю і памянялі дошкі. Здаецца, ніхто нічога не заўважыў, мы ўсё акуратна зрабілі.

“Дзень добры, які дужы кот!” Как снять квартиру с домашним питомцем
"Шляхетны" кот / Euroradio

Мне давялося гэта схаваць ад новай гаспадыні. Я сказала, што кот вельмі "шляхетны", Дарослы, мілы і добры, мы яго вельмі любім і нізашто не кінем. Кот, дарэчы, не падвёў. На новай кватэры яму падабаецца больш, і ён паводзіць сябе як культурны, выхаваны коцік.

“Дзень добры, які дужы кот!” Как снять квартиру с домашним питомцем
"Ён паводзіць сябе як культурны, выхаваны коцік" / Euroradio

Але так, мы даволі часта жартавалі, што час ката адпраўляць на працу, бо ён імкліва даражэе, калі драпае канапу.


І гаспадар аж шэптам павітаўся: “Дзень добры, які дужы кот!”

Каця, шукала кватэру ў Польшчы

Узровень складанасці: адзін кот

Гаспадар кватэры сам любіць катоў. Ён адразу пагадзіўся здаць нам кватэру.

Калі гаспадар кватэры прыйшоў упершыню пасля нашага пераезду, кот у нас ужо быў, і мы арганізавалі для яго цэлы стэлаж, паставілі ляжанку, драпалку. І вось на гэтай ляжанцы ён камфартабельна і з важным выглядам ляжаў. Калі зайшоў гаспадар кватэры, яму напэўна, у вочы кінулася, што ў ката тут цэлыя апартаменты.

І гаспадар аж шэптам павітаўся: "Дзень добры, які дужы кот!" Я хацела зняць ката з ляжанкі, але ён сказаў — не, што вы, не варта коціка трывожыць!

А нядаўна заходзіў, наш кот стаў нешта каля яго вынюхваць, як сабака. Гаспадар кажа: відаць, маіх чатырохлапых унюхаў. Ну, мы і вырашылі, што ў яго, напэўна, акрамя ката яшчэ нейкія гадаванцы ёсць. Карацей, пажартаваў, пагладзіў ката і пайшоў.

“Дзень добры, які дужы кот!” Как снять квартиру с домашним питомцем
Чамусьці ў тэлефоне хутка заканчваецца памяць / Euroradio

Цяпер камунікацыя будуецца вакол "вось, паглядзіце, калі ласка, 100500 фотаздымкаў майго ката, вось тут ён сядзіць, вось тут спіць, ой які міленькі".

 

“У большасці абвестак адразу пішуць: "Без звежонт”

Ірына (імя змененае), шукала кватэру ў Польшчы

Узровень складанасці: дзве коткі і кот

— Шукала кватэру ў Варшаве, але ў большасці абвестак адразу напісана, што нельга "са звежэнтамі" (zwierzęta — польск. жывёлы). А часам і з дзецьмі нельга, а дзіця ў мяне таксама ёсць.

Калі ж з жывёламі можна, то звычайна і кватэра каштуе даражэй. Сын мне казаў, што ёсць невялікі лайфхак: можна засяліцца ў кватэру спачатку без гадаванцаў, некалькі месяцаў пажыць і ўжо тады дамаўляцца з гаспадарамі: маўляў, давайце мы завядзём жывёл і купім страхоўку на выпадак, калі яны нешта пашкодзяць.

Але такі варыянт мне не спадабаўся, і ў выніку мы знайшлі кватэру, дзе гадаванцы вітаюцца.

 

“На ўсялякі выпадак загадзя даведаліся кошт перацяжкі канапы”

Вольга (імя змененае), шукала кватэру ў Грузіі

Узровень складанасці: два каты

— Давялося адсяваць частку абвестак, дзе ультыматыўна гаварылася: "Без жывёл". Але ў цэлым каты не асабліва ўскладнілі пошукі, за 4-5 дзён мы знайшлі жыллё. З гаспадыняй проста на словах дамовіліся, што кампенсуем усё, што сапсуюць каты (калі сапсуюць).

Яны ў нас не зласлівыя шкоднікі, кіпцюры аб драпалку точаць. Спрабавалі тачыць аб дыван, але мы пакрычалі трохі, і цяпер яны яго не дзяруць. Мы на ўсялякі выпадак загадзя даведаліся кошт перацяжкі канапы (яны па ёй бегаюць), але пакуль зацяжак не было, так што ўсё акей.

А да гэтага шукалі кватэру ў Бухарэсце. Усяго тры кватэры паглядзелі, і ўсюды гаспадары былі згодныя на жывёл, але прасілі дэпазіт і/або дадаць жывёл у кантракт. Па адчуваннях, складаней за ўсё было шукаць кватэру ў Мінску, там было вельмі шмат абвестак, дзе пазначана "без дзяцей і жывёл". А калі і не пазначана, то на словах усё роўна часта атрымлівалі адмову.


“Мае каты не шкадлівыя: па-снайперску ходзяць у латок і прывучаныя да драпалкі”

Саша (імя змененае), шукала кватэру ў Латвіі

Узровень складанасці: два каты

— На наяўнасць хатніх жывёл увагу звяртаюць яшчэ як. І, як правіла, гаспадары кватэр дзеляцца на дзве катэгорыі: альбо "ой не, не тэлефануйце сюды больш", альбо "так-так-так, з радасцю, мы любім жывёл". Знаёмых і сяброў у Латвіі не было зусім, таму кватэру мы шукалі на мясцовым сайце для пошуку літаральна ўсяго. З 20 кватэр толькі ў трох гаспадары пагадзіліся на гадаванцаў.

Рамонт ва ўсіх трох быў розны — адна з вельмі добрым свежым рамонтам, але яе забраніравалі раней за нас. Другая прасцейшая, але ў адным з самых добрых раёнаў, а трэцяя — сумны бабушатнік. У выніку выбралі другую, дзе ў саміх гаспадароў два сабакі. І наогул, яны любяць жывёл, суперпрыязныя і цёплыя людзі.

“Дзень добры, які дужы кот!” Как снять квартиру с домашним питомцем

Хатнія жывёлы — гэта ў любым выпадку адказнасць. І добра, калі гаспадары гэта разумеюць. Мае каты не шкадлівыя: па-снайперску ходзяць у латок і прывучаныя да драпалкі. Але гадаванцы хварэюць, гадаванцы старэюць ці проста ну ніяк не перавучваюцца. Вось падабаецца яму канкрэтная канапа — драў, дзяру і буду драць. Тады варта шчыра прызнацца сабе і гаспадару, што ёсць такая праблема, што гатовы кампенсаваць страты. Магчыма, папросяць з манаткамі на выхад. Гэта нармальна, чалавек у сваім праве.

З досведу, лепш арандаваць жыллё ў людзей, у якіх ёсць уласныя гадаванцы, бо яны ўжо прайшлі ўсё гэта самі і на парадак спакайней ставяцца да дранай канапы. Сваіх катоў я нават прапісвала ў дамове арэнды кватэры для спакою прыкладна ўсіх. Хаваць калматых не бачу сэнсу, бо вельмі часта лендлорды маюць зносіны з суседзямі, і катоў, што загараюць на акне, хтосьці ды заўважыць. І з дабрыні душэўнай праінфармуе гаспадара кватэры.

У мяне не было такога, каб лендлорд пісаў і пытаў, маўляў, а як там мая ўлюбёненькая канапка. Ну, у сэнсе? Улюбёненькую канапку ставяць у сябе дома, яе можна выдатна без катоў і ўласным азадкам зацерці.

Пытанне пра тое, пераязджаць з гадаванцамі ці без іх, для мяне ніколі не стаяла. Я не для таго іх ратавала і выходжвала яшчэ кацянятамі, каб кінуць потым на волю лёсу. Хоць 10 пераездаў (абы не давялося!), але калматых з сабой. Пераязджаць з катамі — гэта, натуральна, стрэс, бо іх папярэдне трэба пакатаць па чыпы, прышчэпкі, дакументы. Яны нервуюцца ў дарозе, ты нервуешся разам з імі. Вы ўсе толькі і робіце, што нервуецеся.

Але нас нашмат менш тузалі памежныя службы, таму што "ой, коцікі". А калі стрэс мінае, а іх чалавек побач і любіць іх, каты жывуць далей сваё класнае і кайфовае жыццё.

 

“Ёсць падазрэнні, што гаспадары кватэры наогул не ў курсе, што быў кот”

Ягор, шукаў кватэру ў Партугаліі

Узровень складанасці: адзін кот

— Мы два разы шукалі кватэру на доўгі тэрмін у Порту. Калі засяляліся ў першую, тэма хатніх жывёл не абмяркоўвалася (але і ката тады ў нас не было).

За ўвесь час, што мы жылі ў той кватэры, гаспадары ні разу з намі не сустракаліся, і нават калі мы з'язджалі, таксама ўсё арганізавалі без асабістай сустрэчы. Пакуль мы там жылі, з'явіўся кот, але ёсць падазрэнні, што гаспадары кватэры наогул не ў курсе, што ён там быў.

Другую кватэру шукалі ўжо з катом, але ён ніяк не паўплываў на працэс пошукаў. Так, былі адмовы, але таму, што ўладальнікі кватэр выбіралі партугальцаў, а не прыезджых. Сам кот нікога не бянтэжыў.

“Дзень добры, які дужы кот!” Как снять квартиру с домашним питомцем
"Кот нікога не бянтэжыў" / Euroradio

Цяпер мы жывём у доме, у якім сталі першымі жыхарамі пасля рамонту. У нас кот, а на паверх вышэй — сабака. Тут гаспадары дома таксама больш увагі звярталі на людзей, якія заязджалі, а не на іх жывёл.

Але, думаю, важна згадаць, што абедзве кватэры, у якіх мы жылі, здаваліся без мэблі. Абсталяваная была толькі кухня.

Гэта звычайная сітуацыя для Партугаліі. Кватэры з мэбляй на доўгі тэрмін амаль не здаюцца. Калі ў кватэры ёсць мэбля, якую кот можа сапсаваць, то яе звычайна здаюць на тэрмін да 30 дзён, а не на гады.

 

Узровень складанасці: коргі

Яшчэ адзін суразмоўца Еўрарадыё, гаспадар сабакі, расказаў, як шукаў у Партугаліі кватэру. І знайшоў вельмі хутка!

Мяркуючы з пытанняў, якія задавалі гаспадары памяшкання, іх не задаволіў бы кватарант з вялікім сабакам. А ў нашага суразмоўцы быў коргі, і праблем не ўзнікла.

Чаго не сказалі гаспадары кватэры — яны напэўна і даплацілі б за такога кватаранта. Мы не абясцэньваем катоў, але... гэта ж коргі.

“Дзень добры, які дужы кот!” Как снять квартиру с домашним питомцем
Тот самый корги

— Коргі ў Партугаліі вельмі мала, лічыце няма наогул. Так што кожны раз людзі на вуліцы прыходзяць у захапленне, калі яго бачаць. Плюс ён хлопец выхаваны і куты не пазначае. А кватэры здаюцца ў большасці сваёй без мэблі. Так што і псаваць асабліва няма чаго.

Ды і ў цэлым тут, у Партугаліі, жывёл вельмі любяць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі