Эксперт: Прасцей думаць, што вінаватых знайшлі
Палітолаг Юрый Чавусаў разважае, як сёлетнія судовыя працэсы паўплываюць на беларускіх грамадзянаў і на далейшыя дзеянні ўладаў.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, як паўплывае на нашае грамадства тое, што ў краіне цэлы год ідуць палітычныя працэсы, а 30 лістапада могуць вынесці смяротнае пакаранне па справе аб тэракце ў мінскім метро?
Юрый Чавусаў: Нельга казаць, што працэс Кавалёва-Канавалава патрапіў у фокус грамадскай увагі. Па тых размовах, якія ёсць у Мінску можна канстатаваць, што палітычныя справы, справы Плошчы, выклікалі больую ўвагу грамадскасці. Шок ад выбуху, ад тэрарыстычнага акта ў красавіку абумовіў тое, што грамадства стараецца не заўважаць верагоднасць смяротнага прысуду гэтым двум тэрарыстам.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, можа, грамадства чакае гэтага смяротнага пакарання, каб супакоіцца?
Юрый Чавусаў: Дзяржаўная ўлада вельмі граматна зрабіла, калі адрапартавала пра раскрыццё гэтага жудаснага злачынства літаральна па гарачых слядах у першыя ж гадзіны пасля злачынства. Можна сказаць, што грамадства было вельмі задаволенае аператыўным прад’яўленнем вінаватых і стараецца не задумвацца пра тое, што ў справе ёсць нейкія незразумеласці. І ўвогуле неяк дзіўна, што гэтыя два маладыя чалавекі пачалі ажыццяўляць усе выбухі. Грамадства стараецца не задумвацца над нестыкоўкамі ў межах гэтай справы, бо прасцей думаць, што вінаватых знайшлі.
Еўрарадыё: А якую ролю ў гэтай сітуацыі можа адыграць Еўропа? Ці сочыць Еўропа за працэсам, і ці мяркуе Беларусь выкарыстаць гэты працэс для наладжвання стасункаў з Еўропай?
Юрый Чавусаў: Я не думаю, што ў межах гэтай судовай справы замежныя праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, як суд ацэньвае доказы, як адбывалася следства. Праваабаронцы не замяшчаюць сабой судовую ўладу. Ініцыятыва The Human Rights Watch скіраваная на тое, каб не дапусціць смяротнага прысуду ў дачыненні да чалавечых істотаў у Беларусі, але не ангажаваная ў вырашэнне пытання, ці вінаватыя гэтыя людзі. Гэта адрознівае яе ад той ініцыятывы, якая сыходзіць ад бацькоў абвінавачаных, дзе ёсць памкненне абараніць гэтых канкрэтных людзей, якія сядзяць на лаве падсудных і якім пагражае смяротнае пакаранне. Не думаю, што збор подпісаў праз інтэрнэт будзе мець нейкае юрыдычнае значэнне, але тая хуткасць, з якой гэтыя подпісы збіраюцца, сведчыць пра тое, што прынамсі прыцягнуць увагу міжнароднай грамадскасці да праблемы атрымаецца.
Еўрарадыё: Ці будзе зараз Еўропа патрабаваць ад Беларусі накласці мараторый на смяротнае пакаранне?
Юрый Чавусаў: Справа ў тым, што ў Беларусі праблемаў з правамі чалавека вельмі шмат. Пытанне смяротнага пакарання трактавалася як рэч, якая зручная для беларускіх уладаў, каб выканаць паступальны рух у дачыненні да еўрапейскіх стандартаў у галіне правоў чалавека. Але зараз у сітуацыі, калі ў краіне ёсьць палітычныя вязні, калі за кратамі апынуўся вядучы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, я не думаю, што смяротнае пакаранне будзе ў рыторыцы еўрапейскіх назіральнікаў адыгрываць вырашальную ролю. Хутчэй можна чакаць ад беларускіх уладаў актывізацыі рыторыкі адносна ўвядзення мараторыя ці ўвогуле скасавання смяротнага пакарання дзеля таго, каб адцягнуць увагу ад больш палітычных і грамадскачуйных тэмаў.