Экспертка: У Макея не было і не магло быць палітычнага крэда

Лукашэнка і Макей / ТАСС
Лукашэнка і Макей / ТАСС

"Любое далейшае ўзмацненне жорсткасці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць перастане існаваць". Гэтыя словы Уладзіміра Макея ў эфіры Еўрарадыё ўзгадвае незалежная экспертка Роза Турарбекава, якую бянтэжаць заявы з нагоды "праеўрапейскай" і "дэмакратычнай" пазіцыі міністра замежных спраў Беларусі.

"У гэтым плане ў Макея не было шанцаў паўплываць на сітуацыю. Акрамя таго, калі ён публічна падтрымаў бы пратэст. Нават у жніўні 2020-га года ў мяне не было ілюзій. Гэта глыбока сістэмны чалавек. Гэта чалавек Лукашэнкі. Гэта галоўнае і на першым месцы. Я здзіўляюся. Я здзіўляюся заходнім дыпламатам і ўкраінскім палітычным асобам, кшталту Арастовіча. Людцы, вы сур'ёзна лічыце, што чалавек, які да 2020-га з вамі цудоўна размаўляў і ўмеў падтрымаць гутарку, лінію на дыялог, што гэта яго рэальнае палітычнае крэда?”.

Турарбекава нагадвае, што ў Макея не было і не магло быць палітычнага крэда:

У Беларусі няма палітыка, акрамя аднаго. Лукашэнка стварыў сістэму абсалютнай вертыкальнай арганізаванасці. Міністр у Беларусі — гэта не міністр, гэта чалавек, які выконвае даручэнні. Я чытаю Арастовіча — што за глупства? Вы не ведаеце, кім і чым быў Макей да 2015-га года?

Цяжка ўявіць, што заходнія дыпламаты — наіўныя людзі. Не, яны не наіўныя. Але што гэта тады? Самападман? Шкадаванне аб тых пяці гадах згубленых? Дык хто павінен шкадаваць — вы ці беларусы?”

Па словах Турарбекавай, Макей быў на чале кірунку пад назвай "дыялог", але гэта была ініцыятыва Лукашэнкі, а не яго.

Гэтае дзіўнае надаванне неўласцівых якасцяў Уладзіміру Макею мяне ўразіла. Хочацца звярнуцца да спадара Арастовіча: "Дзякуй вам, што вы падтрымліваеце беларусаў, але часам вашыя ацэнкі глыбока непрафесійныя".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі