Макей чытаў паведамленні, але не адказваў — амбасадар Украіны ў Беларусі
Ігар Кізім / Еўрарадыё, архіўнае фота
Амбасадар Украіны Ігар Кізім з першай раніцы вайны спрабаваў скантактавацца з тагачасным міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, але той яму не адказваў. Пра гэта ўкраінскі дыпламат расказаў у інтэрв'ю сайту liga.net.
Па словах Кізіма, 24 лютага 2022 года супрацоўнікаў украінскай амбасады ў Мінску пабудзілі прыкладна ў 5:30 раніцы. Тады яшчэ не было вядома, што атака на Украіну ідзе і з тэрыторыі Беларусі.
"У 6:30 я спрабаваў датэлефанавацца міністру замежных спраў Макею. Ён не браў слухаўку. Я накіраваў яму інфармацыю, якую павінен быў данесці да кіраўніцтва Беларусі. Я бачыў у WhatsApp, што ён прачытаў яе — былі галачкі. Адказу не было", — згадвае Кізім.
Потым прайшла дыпламатычная нарада, былі дасланыя дыпламатычныя ноты. Ужо ў другой ноце, якая была адпраўленая каля 14:00, украінцы адзначылі, што дакладна ведаюць пра ўварванне з боку Беларусі. "Гэта была спроба спыніць агрэсіўныя дзеянні з Беларусі. І (ускладалася) адказнасць за далейшае пагаршэнне адносін на беларускі бок", — кажа амбасадар.
Кізім гаворыць, што і далейшыя ягоныя звароты беларускі міністр замежных спраў ігнараваў. Уладзімір Макей толькі дасылаў "+" у адказ на яго паведамленні. Пагаварыць ім удалося толькі падчас першага раўнду расійска-ўкраінскіх перамоваў 28 лютага 2022 года.
"Затым мы размаўлялі падчас візіту нашай дэлегацыі ў Белавежскую пушчу на перамовы. Ён сказаў, што ўсё чытаў і дакладваў. Адсутнасць адказу ў дыпламатыі — гэта таксама адказ", — канстатуе ўкраінскі дыпламат.
Амбасадар згадвае, што многія беларускія чыноўнікі да пачатку вайны запэўнівалі, быццам з Беларусі для Украіны няма ніякай пагрозы: "Запэўніванні былі з усіх сілавых структур. Яшчэ Залужны тэлефанаваў начальніку Генштаба Гулевічу. Было і тэлефанаванне нашага кіраўніка памежнай службы Сяргея Дэйнекі за некалькі гадзін да пачатку ўварвання. І ўсе тутэйшыя кіраўнікі сілавых структур запэўнівалі: не, такога не можа быць, гэта няпраўда, мы не рыхтуемся".
Па словах Кізіма, амбасада ў гэтых перамовах удзелу не прымала, бо паміж ведамствамі заўсёды былі добрыя кантакты. Пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі кантакты паміж беларускімі і ўкраінскімі ведамствамі праз амбасаду ўвогуле спыніліся. "Хутчэй за ўсё, нашыя кіраўнікі зразумелі, што тут не зусім адэкватныя людзі", — тлумачыць амбасадар.
Ён заяўляе, што Беларусь з'яўляецца саўдзельніцай Расіі ў вайне і прыводзіць словы Лукашэнкі: той неаднойчы падкрэсліваў гэты факт.
Разам з тым, Кізім кажа, што апошняя атака Украіны з тэрыторыі Беларусі адбылася ў кастрычніку 2022-га — гэта была атака дронамі. "А апошняя ракетная атака была дзесьці ў верасні. Тады было дзве-чатыры ракеты паветранага базавання. Здаецца, Х-101. Усё гэта ёсць у афіцыйных нотах. Калі будзем казаць пасля перамогі, то ў нас ёсць што прад'явіць Беларусі", — дадае ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.