Эксперты: Януковіч скарыстаецца Лукашэнкам у змаганні з апазіцыяй

Аляксандр Лукашэнка ўсё ж такі наведае Кіеў 18 чэрвеня і сустрэнецца са сваім калегам Віктарам Януковічам. Эксперты не выключаюць, што гэта паездка можа суправаджацца скандалам.



Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі звяртае ўвагу Еўрарадыё на дзень візіту.



Раман Якаўлеўскі: “Менавіта ў гэты дзень Януковіч павінен сустрэцца з апазіцыяй у Вярхоўнай Радзе — апазіцыя блакуе яе працу. Мне падаецца, Януковічу больш важныя ўнутраныя справы, чым сустрэча з Лукашэнкам”.



У 2011 годзе прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч не запрасіў Лукашэнку на 25-гадавіну аварыі на ЧАЭС дзеля магчымасці сустрэчы з прэзідэнтам Еўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу. Менавіта тады ўвесь свет даведаўся ад беларускага кіраўніка, што Барозу — “казёл”, а ва ўкраінскай ўлады “хапае вашывасці”.



Сёлетні візіт Лукашэнкі ў Кіеў планавалі ўлады Украіны, і яны не маглі не ўлічваць такога супадзення двух падзей у графіку Януковіча, пагаджаецца палітолаг Юрый Шаўцоў. Да чаго гэта можа прывесці? Раман Якаўлеўскі не выключае, што сустрэча двух лідараў з-за апазіцыі можа апынуцца пад пагрозай. З такім прагнозам не пагаджаецца украінскі палітолаг Віталь Портнікаў.



Віталь Потрнікаў: “Візіт Аляксандра Лукашэнкі можа стаць добрай нагодай для зрыву сустрэчы з апазіцыянерамі. І тады ён запомніцца ўкраінцам не як візіт прадстаўніка суседняй дзяржавы, а як нагода для таго, каб Віктару Януковічу не сустракацца за апазіцыйнымі палітыкамі”.



Сарваныя перамовы прывядуць да таго, што Януковіч здзейсніць сваю пагрозу і распусціць “непрацаздольны” парламент.



Што да праблем, то ў беларуска-украінскіх адносінах, іх назбіралася шмат. Ёсць старыя: адмова Украіны прызнаваць наяўнасць яшчэ савецкага доўга перад Беларуссю ў памеры ажно каля 140 мільёнаў долараў, і Беларусі — канчатковага афармлення дамовы аб мяжы паміж нашымі краінамі. А ёсць і новыя: Кіеў збіраецца абмежаваць колькасць беларускіх нафтапрадуктаў на сваім рынку, Мінск абмяжоўвае продаж ўкраінскага піва і цукерак.



Раман Якаўлеўскі не выключае, што Лукашэнка нарэшце давязе да Кіева ужо даўно ратыфікаваную дамову наконт вызначэння межаў паміж нашымі краінамі. А той у адказ прызнае і сплаціць Беларусі старыя даўгі. Віталь Портнікаў катэгарычна адмаўляе магчымасць станоўчага вырашэння гэтых застарэлых праблем.



Віталь Портнікаў: “Сёння, улічваючы эканамічную сітуацыю ў самой Украіне, паверыць у тое, што Украіна можа расплаціцца за межы, я не магу. Паверыць у тое, што Аляксандр Лукашэнка пагодзіцца вырашыць гэта пытанне бясплатна, я таксама не магу — мы выдатна ведаем, стыль паводзінаў беларускага прэзідэнта, і што ён не вырашае палітычныя пытанні задарма”.



Ад сустрэчы кіраўнікоў двух краін Портнікаў не чакае нічога цікавага. Маўляў, пра што размаўляць кіраўнікам двух краін-банкрутаў?!



Віталь Портнікаў: “Цяпер надыходзіць момант падрыхтоўкі да новага мацнейшага эканамічнага і бюджэтнага крызісу ў Беларусі — мы ўсе стаім на парозе дэвальвацыі беларускай нацыянальнай валюты. І я не думаю, што ў Лукашэнкі ёсць хаця б мінімальныя магчымасці выратаваць краіну і насельніцтва ад чарговага краху. І ва Украіне пастаянна кажуць пра магчымую дэвальвацыю грыўны, што эканоміка краіны не вытрымае без замежнай дапамогі… Чакаць сур’ёзных вынікаў ад такіх сустрэч не выпадае”.



Беларускія эксперты не такія песімісты. І лічаць, што палітычны аспект сустрэчы будзе шырэйшым.



Юрый Шаўцоў: “Прэзідэнт Беларусі будзе ў нейкай форме спрыяць таму, каб Украіна больш арыентавалася на Мытны саюз (чым на Еўрасаюз. – Еўрарадыё). Магчыма, з’явіцца нейкая новая геапалітычная рыса ў той гульні, якую вядзе Украіна паміж двума саюзамі”.



Сканцэнтруюцца кіраўнікі двух краін і на спробе вырашэння эканамічных праблем.



Юрый Шаўцоў: “Магчыма, візіт Лукашэнкі паспрыяе таму, што Украіна не будзе ўводзіць вялікія мытныя тарыфы на беларускія нафтапрадукты. Можа, узнікне тэма больш актыўнага выкарыстання Беларуссю партоў Адэсы і Нікалаева”.

Фота: ktelegraf.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі