ЕС абвясціў конкурс стыпендый для беларускіх студэнтаў і абітурыентаў
Беларускіх студэнтаў запрашаюць на стыпендыі Еўрасаюза / pixabay.com
Еўрасаюз абвясціў новую праграму стыпендый для беларускіх абітурыентаў і студэнтаў. Конкурс заявак на стыпендыі EU4Belarus – SALT-2 (Support for Advanced Learning and Training) абвешчаны на 2023-2025 гады.
Мэтай праграмы называецца падтрымка беларускіх абітурыентаў і абітурыентак, студэнтаў і студэнтак, выкладчыкаў і выкладчыц, а таксама навукоўцаў, якія зазналі рэпрэсіі пасля падзеяў 2020 года альбо знаходзяцца пад пагрозай рэпрэсій.
Гэтая стыпендыя дае магчымасць падтрымкі для навучання ў еўрапейскім універсітэце.
Падаць заяўку на стыпендыю можна, калі вы вучыцеся ці плануеце паступаць на праграмы бакалаўрыяту або магістратуры ва ўніверсітэты Літвы, Латвіі, Чэхіі ці Польшчы.
Стыпендыя складае 450 еўра ў месяц. Тэрмін падтрымкі — два акадэмічныя гады.
Каб прыняць удзел у конкурсе, трэба не пазней за 12:00 30 чэрвеня запоўніць анкету і прыкласці неабходныя дакументы на сайце праграмы.
Навучанне за мяжой становіцца ўсё больш прывабным для беларускіх студэнтаў. Сёлета на гэта паўплываў яшчэ і скандал з падлікам балаў на цэнтралізаваным экзамене. Многія абітурыенты палічылі, што атрымалі празмерна нізкія балы, не адэкватныя ўзроўню здадзеных тэстаў. Чыноўнікі Мінадукацыі заявілі, што падлік праведзены правільна і перападліку не будзе. Аднак пасля ўмяшання Лукашэнкі стварылі міжведамасную камісію, якая будзе правяраць вынікі ЦЭ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.