Вынікі цэнтралізаванага экзамену праверыць міжведамасная камісія
У Беларусі выбухнуў скандал з адзнакамі на ЦЭ / Ілюстрацыйнае фота sb.by
Вынікі цэнтралізаванага экзамену праверыць міжведамасная камісія, паведаміў 30 траўня міністр адукацыі Андрэй Іванец. Паводле яго слоў, у яе склад увайшлі матэматыкі, інфарматыкі, статыстыкі і іншыя спецыялісты. "У самыя кароткія тэрміны" яны "правядуць комплексную праверку карэктнасці выкананых разлікаў Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў". Калі камісія скончыць працу, Іванец не ўдакладніў.
"Гэта дазволіць нам сапраўды пераканацца, што скаргі людзей, якія да нас звяртаюцца, маюць пад сабой глебу, — кажа міністр. — У выпадку выяўлення памылак Міністэрствам адукацыі будуць прыняты ўсе неабходныя меры па іх ліквідацыі".
Скандал з адзнакамі на ЦЭ выбухнуў у Беларусі 29 траўня: вучні і іх бацькі лічаць неадэкватнай сістэму ацэнкі. Выказваецца меркаванне, што ў сістэме адбыўся збой. Міністр адукацыі Андрэй Іванец называў такія выказванні "фэйкам" і гразіў пераследам. Аднак у аўторак сістэму падліку балаў на цэнтралізаваным экзамене раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка. З яго выказванняў вынікае, што чыноўнікам Мінадукацыі давядзецца пераглядаць сістэму ацэнкі ведаў на ЦЭ. І міністр адукацыі ўжо заявіў, што яны гатовыя "зрабіць максімальна празрыстую і адкрытую сістэму перакладу адпаведных балаў": "У Міністэрстве адукацыі ёсць прапанова, каб цалкам адысці ад пераводу першасных балаў у тэставыя. Мы бачым магчымасць стварэння такой сістэмы, калі кожнае заданне будзе мець канкрэтную вагу да пачатку правядзення экзамену. І кожны выпускнік будзе разумець, што, рашыўшы канкрэтную задачу, ён можа атрымаць з 100 балаў 2, 5 ці 10 у залежнасці ад складанасці самой задачы".
Што да працы камісіі, дык цяжка ўявіць, як яна паспее выправіць сітуацыю напярэдадні падачы дакументаў у ВНУ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.