Міністр адукацыі пагражае "распаўсюднікам фэйкаў" пра балы на ЦЭ
Андрэй Іванец / belstu.by, ілюстрацыйнае фота
Міністр адукацыі Андрэй Іванец пракаментаваў вынікі першага цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ) па рускай і беларускай мовах, паведамляе прэс-служба ведамства.
Ён назваў фэйкамі звесткі пра магчымыя памылкі пры падліку балаў на ЦЭ.
"Напрыклад, хтосьці паведамляе, што колькасць тэставых балаў у некаторых асабістых кабінетах выпускнікоў складае больш за 100. Кожны падобны факт быў правераны, ні аднаго пацверджання наяўнасці тэхнічнага збою няма", — паўтарыў міністр пазіцыю ведамства.
Чыноўнік прыгразіў за распаўсюд звестак пра памылкі на ЦЭ: "Міністэрствам адукацыі будзе адсочвацца кожны выпадак распаўсюду недакладнай інфармацыі, матэрыялы будуць накіраваныя для дачы ацэнкі дзеянням распаўсюднікаў фэйкаў".
Таксама Іванец абверг звесткі, быццам урад прыняў пастанову пра перагляд вынікаў ЦЭ.
Як распавядала Еўрарадыё, 29 траўня сталі вядомыя вынікі першага ЦЭ — па беларускай і рускай мовах. Многія выпускнікі і іх бацькі абурыліся вынікамі: яны лічаць падлік некарэктным і патрабуюць пераацэнкі. некаторыя з іх у той жа дзень хадзілі да кіраўніка Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрыя Міксюка, каб выказаць сваё абурэнне. У інтэрнэце стварылі петыцыю з патрабаваннем перападліку — яна імкліва набірае колькасць падпісантаў.
Еўрарадыё разбіралася ў складанай сістэме падліку балаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.