Эстонія і Латвія пагадзіліся паскорыць выхад з агульнай з Беларуссю энергасеткі

“Поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны павялічыла рызыкі ў захаванні энергетычнай бяспекі краін Балтыі” / pixabay

“Поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны павялічыла рызыкі ў захаванні энергетычнай бяспекі краін Балтыі” / pixabay

Эстонія і Латвія дамовіліся з Літвой паскорыць працэс адключэння ад агульнай з Беларуссю і Расіяй энергасеткі, піша выданне Err. Краіны плануюць рэалізаваць план у лютым 2025 года.

"Поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны павялічыла рызыкі ў гарантаванні энергетычнай бяспекі краін Балтыі. Хоць краіны Балтыі не купляюць і не прадаюць электраэнергію Расіі і не плацяць Расіі за знаходжанне ў адзінай паласе частот, гістарычна мы па-ранейшаму маем фізічнае падлучэнне да сістэмы электразабеспячэння краіны-агрэсара", — сказаў міністр клімату Эстоніі Крыстэн Міхал, тлумачачы рашэнне паскорыць працэс.

Літва хацела адключыцца ад агульнай энергасістэмы з Беларуссю і Расіяй яшчэ раней, у 2024 годзе. Але для гэтага ёй патрабавалася падтрымка Эстоніі і Латвіі. Эстонія ж пагаджалася толькі на дэдлайн у канцы 2025 года.

Але згодна з новым планам краіны Балтыі афіцыйна паведамяць удзельнікам аб сваім выхадзе з энергасістэмы ў жніўні 2024 года, а зліццё з кантынентальнай еўрапейскай энергасістэмай адбудзецца ў лютым 2025 года.

 

Што гэта за сістэма?

Сістэма BRELL, пра якую вядзецца размова, утварылася ў 2001 годзе. Яна называецца ў адпаведнасці з першымі літарамі краін, якія ў яе ўваходзяць: Беларусь, Расія, Эстонія, Латвія і Літва. Сістэма прадугледжвае сувязь ліній электраперадач усіх гэтых пяці дзяржаў у адно электрычнае кола. У выпадку аварыйных сітуацый краіны гарантуюць адзін аднаму падтрымку рэзервамі.

Пасля адключэння ад кола BRELL энергасістэмы Літвы, Латвіі і Эстоніі мусяць сінхранізавацца з кантынентальнай Еўропай. Рашэнне аб выхадзе з кола краіны прынялі яшчэ ў 2019 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі