Еўрадэпутат: Высновы Савета ЕС крыху расчаравалі

Польскі еўрадэпутат Марэк Мігальскі ў інтэрв’ю Еўрарадыё распавёў, чаму міністры замежных спраў ЕС не рашыліся прыняць эканамічныя санкцыі, а таксама якую стратэгію ў адносінах да Мінска павінен выбраць Брусель. 
Рашэнні Савета ЕС па санкцыях адносна Беларусі – гэта вельмі мала, лічыць еўрадэпутат Марэк Мігальскі. Але ў пэўным сэнсе еўрачыноўнікаў можна зразумець. Аляксандр Лукашэнка ўзяў уласных грамадзян у заложнікі, і ЕС не ведае як пакараць беларускага прэзідэнта, не зачапіўшы звычайных людзей. Адсюль і праблемы ЕС і яе асобных інстытуцый.

Марэк Мігальскі: “Пазіцыя Савета ЕС мяне лёгка расчаравала, таму што яно слабей за рэзалюцыю Еўрапарламента. Але я так разумею, што гэта не апошні крок. І напрыклад тое, што спадарыні Эштан далі права пашыраць чорны спіс асобаў на дадатковых прадстаўнікоў улады, гэта пэўны знак, што ЕС не спыніцца на ўжо прынятых рашэннях”.

Але рашэнне пра забарону ўезду магло б быць больш вострым ужо зараз, паведаміў Еўрарадыё Марэк Мігальскі. На думку еўрадэпутата, сярод іншых туды павінны ўвайсці не толькі чыноўнікі, але і рэктары ВНУ, якія адлічаюць студэнтаў за удзел у дэманстрацыях, мясцовыя чыноўнікі ды шэраговыя супрацоўнікі спецслужбаў. А дапамагчы стварыць такі спіс маглі б польскія дарадцы, якія добра разбіраюцца ў беларускай сітуацыі, лічыць еўрадэпутат.

Марэк Мігальскі: “Гэты спіс не толькі трэба дапоўніць яшчэ чымсьці, акрамя толькі прозвішчаў асобаў, але і самі візавыя санкцыі павінны быць больш шырокімі, ахопліваць даўжэйшы спіс асобаў. Кожны прадстаўнік рэжыму, які спрычыняецца да таго, што ў Беларусі няма дэмакратыі, павінен ведаць, што ён не зможа ездзіць у Еўропе на лыжах, ці купацца ў моры, або нават хадзіць па крамах”.

Марэк Мігальскі мяркуе, што нельга апраўдваць Савет ЕС. На думку еўрадэпутата, неўвядзенне эканамічных санкцый было памылкай. Некаторыя еўрапейскія краіны кіраваліся ўласнымі інтарэсамі, якія апынуліся б пад пагрозай у выніку замарозкі супрацоўніцтва з Беларуссю. У выніку Савет ЕС, відаць ,чакае, што Аляксандру Лукашэнку ў пэўны момант самому надакучыць тое, што ён робіць, кажа Марэк Мігальскі.

Марэк Мігальскі: “Сёння мы ведаем, што пагаршэнне ўзроўню жыцця ў Беларусі ў выніку эканамічных санкцый ніяк не паўплывае на паніжэнне ўзроўню жыцця Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў. Яны будуць шыкаваць як і раней, а звычайным беларусам будзе горш. Думаю, што Савет ЕС хацеў гэтага пазбегнуць”.

Калі неўвядзенне эканамічных санкцый можна неяк патлумачыць турботай пра беларусаў і прагматычнымі інтарэсамі некаторых краін ЕС, то вось чаму рашэнне скасаваць аплату за шэнгенскія візы не было прынята, вытлумачыць проста немагчыма, лічыць еўрадэпутат Мігальскі.

Марэк Мігальскі: “Я гэтага проста не разумею. У маім перакананні, гэта павінна быць адно з першых рашэнняў. Адкрыццё межаў, скасаванне візавага рэжыму і спрашчэнні ў выглядзе бясплатных візаў за тое, што беларусы будуць свабодна перамяшчацца па тэрыторыі Еўрасаюза. Не разумею гэтага. Вельмі шкада, што такога рашэння няма”.

Нават адмена коштаў на нацыянальныя візы ў Польшчу, на думку Марэка Мігальскага, не мела істотнага значэння. Размоваў пра адмену коштаў віз было больш чым эфекту, таму называць гэта вялікім поспехам польскага ўраду нельга. Крок добры, але вельмі маленькі, лічыць еўрадэпутат.

Марэк Мігальскі: “У мяне такое ўражанне, што тлумачэнні польскага міністра замежных спраў Сікорскага – гэта звычайная прапаганда. Нібыта нешта зроблена, але насамрэч не да канца. Гэта дае прывілеі толькі невялікай, выбранай групе беларусаў, і не адбіваецца на большасці насельніцтва. Рэч у тым, каб скасаванне візавага абавязку было для ўсіх, толькі там мы можам патрапіць да звычайнага беларуса, які сёння галасуе за Лукашэнку, таму што думае, што ён найлепшы кіраўнік у свеце”. 

Аляксандру Лукашэнку ўвесь час шанцавала, таму што пакуль ён лавіраваў паміж Усходам і Захадам, палітыка Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі была непаслядоўнай. Еўрадэпутат Марэк Мігальскі спадзяецца, што ў будучыні Брусель установіць больш ясныя правілы гульні – каб за парушэнні правоў чалавека і нешанаванне дэмакратычных стандартаў ЕС караў Лукашэнку, а за істотныя дзеянні на шляху дэмакратыі ўзнагароджваў магчымасцямі супрацоўніцтва з Беларуссю.

Фота: www.gover.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі